Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік заклікае епіскапаты да дыялогу аб паслугах у Касцёле

З нагоды 50-годдзя motu proprio Паўла VI Ministeria quaedam, якім былі ўстаноўлены свецкія паслугі ў Касцёле, Папа скіраваў пасланне да біскупаў, святароў і дыяканаў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У дакуменце, абнародаваным 24 жніўня 2022 года, Францішак выказаў жаданне распачаць дыялог з епіскапатамі ва ўсім свеце, каб мець магчымасць дзяліцца досведам апошніх пяцідзесяці гадоў у сферы ўстаноўленых паслугаў лектарату, акалітату і зусім нядаўна катэхетаў.

Трэба ўмець слухаць голас Бога і не спыняць працэс, а таксама быць уважлівымі, каб не намагацца фарсіраваць яго, навязваючы рашэнні, якія з’яўляюцца вынікам ідэалагізаванага бачання, - папярэдзіў Папа, дадаючы, што “карысна дзяліцца вопытам апошніх гадоў, асабліва ў атмасферы сінадальнага шляху”.

Францішак заўважыў, што дакумент Ministeria quaedam даў Касцёлу важную перспектыву, здольную натхняць на далейшае развіццё. Ён нагадаў, што развіццё паслугаў абмяркоўвалася падчас Сінода па Амазоніі, пасля чаго з’явіліся два Апостальскія лісты на гэту тэму: Spiritus Domini ад 10 студзеня 2021 года, які афіцыйна адкрыў жанчынам доступ да паслугі лектарату і акалітату, а таксама Antiquam ministerium ад 10 мая 2021 года, якім была ўстаноўлена паслуга катэхета.

Гэтыя два рашэнні трэба разумець не як пераадоленне папярэдняга вучэння, а як далейшае развіццё ў духу Другога Ватыканскага Сабора, які натхняў і святога Паўла VI. Папа Манціні, прымаючы просьбы, некалькіх Айцоў Сабора, 50 гадоў таму фактычна прызнаў за епіскапатамі магчымасць прасіць Святы Пасад аб устанаўленні тых паслугаў, якія яны лічаць неабходнымі ці вельмі карыснымі ў іх рэгіёнах, - заўважыў Пантыфік, дадаючы, што таксама ў малітве пасвячэння біскупа гаворыцца пра заданне арганізоўваць паслугі.

Святы Айцец нагадаў, што ля вытокаў усякай паслугі заўсёды знаходзіцца Бог, а мэтай з’яўляецца агульнае дабро, стварэнне супольнасці. Такім чынам, “кожная паслуга – гэта пакліканне Бога дзеля агульнага дабра”. Дзякуючы гэтым двум асновам хрысціянская супольнасць можа арганізоўваць “разнастайнасць паслугаў, якія Дух абуджае ў сувязі з канкрэтнай сітуацыяй, у якой яна жыве”, - дадаў ён.

Спасылаючыся на Апостальскі ліст Evangelii gaudium, Францішак нагадаў, што “рэчаіснасць больш важная за ідэю” і таму “неабходна, каб паміж імі быў пастаянны дыялог, без аддзялення ідэі ад рэчаіснасці”. Папа заўважыў таксама, што “час перавышае прастору”, таму павінна пераважаць жаданне ўключыцца ў дзейнасць Духа Пана, а не апантанасць дасягненнем неадкладных вынікаў.
 

24 жніўня 2022, 13:46