Пошук

Падчас аўдыенцыі для чальцоў Міжнароднай сеткі каталіцкіх заканадаўцаў Падчас аўдыенцыі для чальцоў Міжнароднай сеткі каталіцкіх заканадаўцаў 

Францішак: каталіцкія заканадаўцы – сведкі палітычнай любові

Сур’ёзна паразважаць над пытаннем садзейнічання справядлівасці і міру ў сучаснай геапалітычнай сітуацыі, - запрасіў Папа ўдзельнікаў сустрэчы Міжнароднай сеткі каталіцкіх заканадаўцаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас сустрэчы, якая прайшла ў Ватыкане 25 жніўня 2022 года, Францішак звярнуў увагу на паняцце справядлівасці. У сучасным свеце многія “не маюць права голасу і чакаюць, што грамадскія і палітычныя лідары абароняць іх годнасць дзяцей Божых і недатыкальнасць іх асноўных правоў з дапамогай эфектыўнай дзяржаўнай палітыкі і законаў”, - звярнуў увагу ён.

Задача каталіцкіх юрыстаў, перакананы Святы Айцец, у тым, каб “працаваць над захаваннем і ўмацаваннем у грамадскай сферы тых правільных адносін, якія дазваляюць ставіцца да кожнага чалавека з належнай павагай і любоўю”.

І тут важна ключавое сёння паняцце – братэрства. Справядлівае грамадства, заўважыў Францішак, не можа існаваць “без пачуцця сумеснай адказнасці і клопату аб развіцці і інтэгральным дабрабыце кожнага члена нашай чалавечай сям’і”. Па гэтай прычыне, “каб стала магчымым развіццё глабальнай супольнасці, здольнай да братэрства на аснове сацыяльнага сяброўства паміж народамі і нацыямі, неабходна лепшая палітыка, якая будзе служыць сапраўднаму агульнаму дабру”.

“Калі мы хочам вылечыць наш свет, які так моцна пакутуе ад саперніцтва і розных форм насілля, што ўзнікаюць з жадання дамінаваць, а не служыць, нам патрэбны не толькі адказныя грамадзяне, але і здольныя лідары, натхнёныя братэрскай любоўю, скіраванай у першую чаргу да тых, якія апынуліся ў самых цяжкіх жыццёвых умовах”, - падкрэсліў Папа.

Ён папрасіў сваіх гасцей на нацыянальным і міжнародным узроўнях садзейнічаць палітыцы і законам, “накіраваным на вырашэнне, у духу салідарнасці, шматлікіх сітуацый няроўнасці і несправядлівасці, якія пагражаюць сацыяльнай структуры і ўнутранай годнасці кожнага чалавека”.

Для Францішка цалкам ясна, што “намаганні пабудаваць нашу супольную будучыню патрабуюць пастаяннага пошуку міру”. А гэта не адбудзецца без супрацоўніцтва, асабліва паміж тымі, хто мае большую адказнасць. “Мір паходзіць з трывалай прыхільнасці да ўзаемнага дыялогу, з цярплівага пошуку праўды і з жадання ставіць сапраўднае дабро супольнасці перад асабістай выгадай”, - звярнуў увагу ён.

І тут, лічыць Пантыфік, праца заканадаўцаў і палітычных лідараў сёння важная як ніколі, паколькі “сапраўдны мір можа быць дасягнуты толькі тады, калі мы будзем імкнуцца праз дальнабачныя палітычныя і заканадаўчыя працэсы пабудаваць грамадскі парадак, заснаваны на ўсеагульным братэрстве і справядлівасці для ўсіх”.

Святы Айцец пажадаў прадстаўнікам сферы юстыцыі “стаць закваскай для аднаўлення грамадскага і палітычнага жыцця і сведкамі палітычнай любові да тых, хто знаходзіцца ў самай вялікай патрэбе”.
 

25 жніўня 2022, 14:53