Пошук

Папа падчас інтэрв'ю агенцтву Telam Папа падчас інтэрв'ю агенцтву Telam 

Францішак расчараваны няздольнасцю ААН спыніць вайну

Галоўная прычына канфліктаў – недахоп дыялогу, - заўважыў Папа ў інтэрв’ю аргентыскаму інфармацыйнаму агенцтву Telam. Святы Айцец заклікаў моладзь вучыцца мірнаму суіснаванню і палітычнай барацьбе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак перакананы, што вайна – гэта адзін з самых драматычных крызісаў у свеце. Гаворка ішла галоўным чынам пра Украіну, але Папа ўзгадаў таксама пра трагедыі ў Руандзе, Сірыі, Ліване, М’янме. “Вайна, на жаль, гэта штодзённая жорсткасць”, - сказаў ён, нагадваючы пра гібель людзей і пра тое, што войнам спрыяе гандль зброяй.

На думку Пантыфіка, “справядлівая вайна можа існаваць, ёсць права на абарону, але тое, як гэта паняцце выкарыстоўваецца сёння, трэба пераасэнсаваць”. Святы Айцец у чарговы раз нагадаў пра важнасць здольнасці слухаць адно аднаго – нават у паўсядзённым жыцці, – каб весці дыялог і пазбягаць усякіх нагодаў для канфліктаў. “Мы не можа вярнуцца да падманлівай бяспекі палітычных і эканамічных структур, якую мелі раней”, - дадаў ён.

Пантыфік выказаў сваё расчараванне ў сувязі з няздольнасцю ААН спыняць войны, бо яна “не мае дастатковай улады”. Ён выказаў спадзяванне на тое, што міжнародныя арганізацыі будуць мужнымі і крэатыўнымі ў пераадоленні сітуацый, якія назваў “смертаноснымі”.

Іншы крызіс, які непакоіць Папу, тычыцца экалагічнай сітуацыі. Ён нагадаў пра зложыўванні навакольным асяроддзем з боку чалавека, а таксама папярэдзіў, што прырода “прымусіць заплаціць за іх”, бо яна “не прабачае”. “Мы кепска выкарыстоўваем свае рэсурсы”, - перакананы Святы Айцец.

Вяртаючыся да тэмы каронавіруса, Папа прызнаўся, што яму не падабаецца тое, як вырашаецца гэта праблема. Ён звярнуў увагу на прыклад Афрыкі, якая засталася без дастатковай колькасці вакцын, а таксама адзначыў прысутнасць іншых інтарэсаў у пераадоленні надзвычайнай сітуацыі. “Выкарыстоўваць крызіс для ўласнай выгады значыць кепска выходзіць з яго”, - сказаў Пантыфік, называючы памылковай ідэю пра тое, што з крызісу можна выйсці ў адзіночку.

Францішак звярнуў увагу на збянтэжанасць і расчараванасць моладзі адносна палітыкі, чаму, між іншым, спрыяюць мафіёзныя і карупцыйныя схемы. Папа заклікаў моладзь вывучаць “палітычныя навукі, вучыцца суіснаванню, а таксама палітычнай барацьбе, якая ачышчае нас ад эгаізму і падштурхоўвае да развіцця”. Папа выказаў свой давер да маладых людзей, нават калі яны звычайна на ходзяць на святую Імшу. Важна дапамагаць ім узрастаць і суправаджаць іх, - падкрэсліў ён.

Святы Айцец назваў злом нашага часу нарцысізм, адчай і песімізм. На яго думку, гаворка ідзе пра элементы так званай “люстэркавай псіхалогіі”. Змагацца з імі трэба з дапамогай пачуцця гумару, якое робіць людзей больш чалавечнымі, а таксама з дапамогай сустрэчы з іншымі, так званай “філасофіі іншасці”.

У сувязі з тым, што ў наступным годзе будзе адзначацца дзесяцігоддзе яго пантыфікату, Францішак прызнаўся, што “сабраў усё, пра што кардыналы казалі на сустрэчах перад канклавам”. “Я не думаю, што з майго боку было нешта арыгінальнае, я распачаў тое, што мы вырашылі ўсе разам”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік заўважыў, што менавіта ў такім духу была распрацавана Апостальская канстытуцыя Praedicate Evangelium, якая стала вынікам васьмі з паловай гадоў працы і папярэдніх кансультацыі. Папа адзначыў, што не быў каталізатарам працэсу. “Я хачу, каб было зразумела: гэта не мае ідэі. Гэта ідэі ўсёй Калегіі кардыналаў, якія прасілі пра гэта”, - удакладніў ён.

Пантыфік прызнаў, што Касцёл у Лацінскай Амерыцы мае асаблівы падыход, якому ўласцівы дыялог з Божым народам, і гэта непазбежна аказала ўплыў на яго вучэнне.

Папа адзначыў, што павінен быць вельмі асцярожным, бо існуе рызыка маніпуляцыі яго ідэямі з боку СМІ. Ён паставіў у прыклад непаразуменні, якія ўзніклі ў кантэксце яго выказванняў пра вайну ва Украіне. “Праўда ў тым, што бяруць адзін выраз, вырваны з кантэксту, і прыпісваюць табе тое, што ты не меў на ўвазе. Іншымі словамі, трэба быць вельмі пільнымі. Напрыклад, у выпадку вайны разгарэлася цэлая спрэчка пра адно маё выказванне ў езуіцкім часопісе: я сказаў, што “тут няма ні добрых, ні злых” і патлумачыў чаму. Але ўзялі толькі гэты выраз і сказалі: “Папа не асуджае Пуціна!”. Але рэальнасць у тым, што стан вайны – гэта нешта нашмат больш паўсюднае, сур’ёзнае, дзе няма добрых і злых. Мы ўсе ўцягнуты, і мы павінны зразумець гэта”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец звярнуў увагу на існаванне ў СМІ тэндэнцыі “скажэння рэальнасці”, а таксама ўказаў на чатыры “грахі камунікацыі”: дэзынфармацыя (казаць тое, што зручна); паклёпы (выдумваць нешта на шкоду чалавеку); дыфамацыя (прыпісванне некаму думкі, якая ўжо змянілася); копрафілія (любоў да бруду і смакавання скандалаў). “Камунікацыя – гэта нешта святое”, - сказаў Папа, дадаючы, што яна павінна здзяйсняцца “сумленна і праўдзіва”. “Каб быць добрымі камунікатарам, трэба быць сумленным чалавекам”, - падкрэсліў Пантыфік.

У апошняй частцы інтэрв’ю Папа прызнаўся, што ў атрымаў на працягу жыцця шмат дароў ад Бога, але меў таксама і шмат пралікаў, поглядаў, якія не былі дастаткова ўніверсальнымі. Ён заўважыў, што ў яго жыцці былі перыяды, калі ён вымагаў занадта шмат і быў празмерна суровым. “У жыцці мы вывучымся быць паўсюднымі, міласэрнымі, менш злымі”, - дадаў Святы Айцец.

01 ліпеня 2022, 12:39