Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: рэформы дапамогуць пазбегнуць фінансавых скандалаў

Агенцтва Reuters апублікавала чарговую частку інтэрв’ю са Святы Айцом, у якой Папа падзяліўся думкамі пра фінансавую рэформу ў Ватыкане, пакліканую дапамагчы пазбегнуць злоўжыванняў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак выказаў надзею на тое, што нядаўні продаж элітнага будынку ў Лондане, які апынуўся ў цэнтры судовага працэсу аб карупцыі, махлярстве, вымагальніцтве і адмыванні грошай, стане заканчэннем фінансавых скандалаў у Ватыкане. На пытанне журналіста пра тое, ці на сённяшні дзень існуе дастатковы кантроль, каб не дапусціць паўтарэння падобных сітуацый, Папа адказаў: “Так, я веру ў гэта”.

Пантыфік заўважыў, што раней кіраванне ватыканскімі фінансамі было “вельмі бязладным”. Ён падкрэсліў, што цяпер Сакратарыят па эканамічных пытаннях складаецца з вельмі дасведчаных і кампетэнтных людзей, “якія не трапяць у рукі “дабрадзеяў” ці сяброў, што могуць прымусіць зрабіць памылкі”.

Папа паставіў у прыклад сітуацыі, калі святары без досведу працы ў фінансавай сферы, пастаўленыя кіраваць рэсурсамі ватыканскіх структур, з добрымі намерамі звярталіся па дапамогу да сяброў са знешняга фінансавага сектара. “Але часам гэтыя сябры не былі благаслаўлёнай Імэльдай”, - з іроніяй сказаў Францішак, маючы на ўвазе італьянскую дзяўчынку, якая жыла ў XIV стагоддзі і з’яўляецца сімвалам дзіцячай чысціні.

На думку Святога Айца, раней кіраванне ватыканскімі фінансамі было “нясталым”. Ён высока ацаніў уклад ва ўпарадкаванне гэтай сферы, зроблены аўстралійскім кардыналам Джорджам Пэлам, які настойваў на стварэнні ў Ватыкане “міністэрства” эканомікі, задачай якога быў бы кантроль за патокамі грошай і барацьба з карупцыяй. Такой структурай стаў Сакратарыят па эканамічных пытаннях, заснаваны Папам у 2014 годзе, а кардынал Пэл быў яе першым прэфектам.
 

08 ліпеня 2022, 12:26