Пошук

Падчас аўдыенцыі для Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу Падчас аўдыенцыі для Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу 

Святы Айцец: міжрэлігійны дыялог – вырашальнае пытанне

З уступленнем у сілу новай Апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium аб Рымскай курыі міжрэлігійны сектар служэння Касцёла не страціў сваёй актуальнасці, - заявіў Папа 6 чэрвеня 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустракаючыся з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, Францішак заўважыў, што “глабалізацыя і паскарэнне міжнародных камунікацый робяць дыялог у цэлым, і міжрэлігійны дыялог у прыватнасці, вырашальным пытаннем”.

Ён выказаў спадзяванне, што на новым этапе гісторыі гэта структура Рымскай курыі “створыць сваю парадыгму духоўнасці Сабору, выяўленую ў старажытнай гісторыі пра Добрага Самараніна, паводле якой аблічча Хрыста – ў абліччы кожнага чалавека, асабліва людзей, якія пакутуюць”.

Пантыфік нагадаў, што міжрэлігійны дыялог сёння ажыццяўляецца “праз дзеянні, тэалагічны абмен і духоўны вопыт”, праз успрыняцце прадстаўнікоў іншых рэлігій “не абстрактна, а канкрэтна, з іх гісторыяй, жаданнямі, ранамі, марамі”. Толькі так мы зможам разам пабудаваць свет, спрыяльны для ўсіх, свет, якія жыве ў міры, - перакананы Францішак.

“Сутыкаючыся з шэрагам крызісаў і канфліктаў, адны спрабуюць уцячы ад рэальнасці, знаходзячы прытулак у сваім маленькім свеце; іншыя супрацьстаяць дэструктыўнаму насіллю, але паміж эгаістычнай абыякавасцю і гвалтоўным пратэстам заўсёды ёсць іншы магчымы варыянт – дыялог”, - заўважыў Папа.

Таму настолькі важным сёння з’яўляецца ўменне мірна суіснаваць. Францішак перакананы, што “па сутнасці, суіснаванне паўтарае жаданне еднасці, якое жыве ў сэрцы кожнага чалавека, дзякуючы чаму кожны можа размаўляць адно з адным, абменьвацца праектамі і разам праектаваць будучыню”, “суіснаванне аб'ядноўвае грамадскім чынам, але без каланізацыі іншага і з захаваннем ім ідэнтычнасці”.

Выхаванне духу і стылю мірнага суіснавання ў адносінах з людзьмі іншых рэлігійных традыцый – гэта вельмі патрэбна сёння ў Касцёле і ў свеце, - лічыць Пантыфік. Ён нагадаў аб прыкладзе Хрыста, Які не баяўся ісці да людзей, што лічыліся грэшнымі і нячыстымі, без прадузятасці дзяліў стол з мытнікамі.

“Дарагія браты і сёстры, я дзякую вам за вашу працу, асабліва за больш схаваную, менш прыкметную, а часам, магчыма, нават крыху нудную. Няхай Маці Божая суправаджае Вас і захоўвае ў поўнай паслухмянасці Духу Святому”, - звярнуўся Францішак да супрацоўнікаў Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу.
 

06 чэрвеня 2022, 13:06