Пошук

Папа падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў 95-й пленарнай сесіі ROACO Папа падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў 95-й пленарнай сесіі ROACO 

Папа: трэба, каб шляхі міру прабіліся праз джунглі канфліктаў

Настроіцца на ўзаемнае слуханне, што спрыяе распазнанню і вядзе да агульнага, сапраўды касцёльнага выбару, - заклікаў Папа ўдзельнікаў 95-й пленарнай сесіі Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Цэрквам (ROACO).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак лічыць, што для вызначэння сапраўдных прыярытэтаў у гуманітарнай місіі важна ўмець адмовіцца ад зацыкленасці на сабе і пачаць слухаць іншых.

Папа з жалем заўважыў, што ў апошнія гады адбылося шмат сумных падзей, і перш за ўсё, на Блізкім Усходзе – у Іраку, Сірыі і Ліване. “Пробліскам надзеі” ён назваў падпісанне Дакумента аб чалавечым братэрстве ў Абу-Дабі і Сінод па Блізкім Усходзе ў 2010 годзе. Між тым, лічыць Пантыфік, “неабходна знайсці сучасныя інструменты і адпаведныя спосабы выражэння блізкасці да Цэркваў рэгіёну”.

Святы Айцец заклікаў удзельнікаў пленарнай сесіі дабрачыннай структуры “мець перад вачыма вобраз Добрага Самараніна”, калі гаворка ідзе пра дапамогу насельніцтву Тыграя, Эфіопіі, Эрытрэі і Украіны.

“Там мы вярнуліся да драмы Каіна і Авеля; было развязана насілле, якое нішчыць жыццё, люцыферыянскае, д'ябальскае насілле, на якое мы, вернікі, пакліканы рэагаваць сілай малітвы, канкрэтнай міласэрнай дапамогай, кожным хрысціянскім метадам, каб зброя саступіла месца перамовам”, - звярнуўся Папа падчас аўдыенцыі 23 чэрвеня 2022 года.

Францішак запрасіў сваіх гасцей “не пераставаць маліцца, пасціцца, дапамагаць, працаваць, каб шляхі міру прабіліся праз джунглі канфліктаў”.
 

23 чэрвеня 2022, 11:36