Пошук

Аўдыенцыя для брыгады "Грэнадзёры Сардзініі" Аўдыенцыя для брыгады "Грэнадзёры Сардзініі" 

Францішак падзякаваў за службу Грэнадзёрам Сардзініі

11 чэрвеня 2022 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю італьянскай вайсковай брыгады “Грэнадзёры Сардзініі”, якая была задзейнічана ў аперацыі “Бяспечныя вуліцы”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Вы ахоўваеце важныя тэрыторыі і аб’екты: дзяржаўныя і дыпламатычныя будынкі, аэрапорты, чыгуначныя станцыі і станцыі метро, месцы мастацтва, культу і рэлігіі”, - заўважыў Пантыфік, падкрэсліваючы, што штодзённая прысутнасць вайскоўцаў на вуліцах Рыма дае насельніцтву пачуццё спакою.

“З майго боку, хачу выказаць вам шчырую падзяку за ваша непрыкметнае і важнае служэнне, якое аказваеце Апостальскай Сталіцы, сумесна і ва ўзаемадзеянні з паліцыяй дзеля захавання грамадскага парадку”, - дадаў ён, адзначаючы, што такая праца патрабуе “адкрытасці, цярплівасці, духа ахвярнасці і пачуцця абавязку”.

Францішак заклікаў сваіх гасцей быць – як на працы, так у асабістым і ў грамадскім жыцці – тымі, хто прасоўвае салідарнасць, дапамагаючы людзям заставацца добрымі грамадзянам. “У выкананні вашай місіі, няхай вас заўсёды суправаджае ўсведамленне таго, што кожны чалавек любімы Богам, з’яўляецца Яго стварэннем і як такі заслугоўвае павагі”, - дадаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што дзейнасць італьянскіх вайскоўцаў у гарадскім кантэксце пазначана блізкасцю да людзей, супрацоўніцтвам у прадухіленні і барацьбе са злачыннасцю, аказаннем падтрымкі ў надзвычайных сітуацыях. Ён заўважыў, што брыгада “Грэнадзёры Сардзініі”, завяршае тэрмін свайго ўдзелу ў аперацыі “Бяспечныя вуліцы” і хутка саступіць месца іншаму вайсковаму падраздзяленню, адзначыўны, што кожны раз, пакідаючы ці вяртаючыся ў Ватыкан, ён дзякуе Богу за самаадданасць і прысутнасць вайскоўцаў, якая гарантуе бяспеку.

Аперацыя “Бяспечныя вуліцы” праводзіцца ў Рыме з 2008 года. Яна прадугледжвае выкарыстанне розных падрадзяленняў італьянскай арміі ў ахове асабліва важных гарадскіх аб’ектаў.
 

11 чэрвеня 2022, 12:26