Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа даў рэцэпт медыкам: блізкасць, цэласнасць, агульнае дабро

Аб выкліках для сучаснай сферы аховы здароўя казаў Папа 4 чэрвеня 2022 года, сустракаючыся з кіраўніцтвам Канфедэрацыі Federsanità, якая аб'ядноўвае мясцовыя органы аховы здароўя і бальніцы ў Італіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак падзякаваў сваім гасцям за “падтрыманне адносін паміж цэнтрам і перыферыяй, паміж малым і вялікім, пераплятаючы адносіны і прасоўваючы шляхі інтэграцыі ў галіне грамадскага здароўя і сацыяльнай дапамогі”.

Пантыфік прапанаваў тры “проціяддзі”, якія, на яго думку, могуць дапамагчы медыцынскім работнікам не стаць ахвярамі атруты, што распаўсюджвае “культура адчужэння”.

Перш за ўсё, ён заклікаў да блізкасці, якую назваў сродкам ад зацыкленасці на сабе. Калі медык бачыць у пацыенце сябе, ён атрымлівае здольнасць разарваць ланцугі эгаізму, сысці з п'едэстала, адчуць братэрства з іншым, незалежна ад яго мовы, геаграфічнага паходжання, сацыяльнага статусу ці стану здароўя.

“Калі ў людзях, якіх мы сустракаем у аддзяленнях бальніц, у дамах састарэлых, у амбулаторыях, мы ўмеем бачыць у першую чаргу братоў і сясцёр, усё мяняецца: “узяць на сябе адказнасць” перастае быць бюракратычным пытаннем і становіцца сустрэчай, суправаджэннем, абменам”, - звярнуў увагу Францішак.

Падчас аўдыенцыі для кіраўніцтва Канфедэрацыі Federsanità
Падчас аўдыенцыі для кіраўніцтва Канфедэрацыі Federsanità

Другім “проціяддзем” ён лічыць цэласнасць, якая супрацьстаіць фрагментацыі і частковасці. “Калі ўсё ўзаемазвязана, мы таксама павінны пераасэнсаваць паняцце здароўя з цэласнай перспектывы, якая ахоплівае ўсе вымярэнні чалавека. Не прыніжаючы значэння канкрэтных навыкаў, лячыць пацыента азначае ўлічваць не толькі пэўную паталогію, але і яго псіхалагічны, сацыяльны, культурны і духоўны стан. Цэласнае бачанне догляду дапамагае супрацьстаяць “культуры адчужэння”, якая выключае тых, хто па розных прычынах не адпавядае пэўным стандартам”, - адзначыў Папа.

Трэцяе “проціяддзе” – гэта агульнае дабро. На жаль, заўважыў Святы Айцец, у сектары аховы здароўя таксама існуе “спакуса паставіць эканамічныя або палітычныя перавагі нейкай групы на шкоду большасці насельніцтва”. Ён перакананы ў неабходнасці паўсюднага і бясплатнага доступу да сістэмы аховы здароўя.

“Блізкасць, цэласнасць і агульнае дабро: я даю вам гэтае “проціяддзе”, заахвочваючы працягваць працаваць на службе хворых і грамадства ў цэлым”, - завяршыў сваю прамову Францішак.
 

04 чэрвеня 2022, 12:22