Пошук

Іспанская мяжа ў Мелілье Іспанская мяжа ў Мелілье 

Пантыфік моліцца за мігрантаў, загінулых у Тэхасе і Мелілье

Святы Айцец заклікаў да малітвы за ахвяр трагедый у ЗША і іспанскім аўтаномным горадзе Мелілья на поўначы Афрыкі, дзе на працягу апошніх дзён загінулі некалькі дзясяткаў мігрантаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“З вялікім болем я даведаўся пра трагедыі мігрантаў у Тэхасе і Мелілье. Давайце будзем разам маліцца за гэтых нашых братоў, якія загінулі ў пошуку надзеі на лепшае жыццё, а таксама за нас, каб Пан адкрыў нашы сэрцы і такія няшчасці больш не здараліся ніколі”, - заклікаў Пантыфік праз свой профіль у Твітэры.

46 целаў мігрантаў былі знойдзены ў пакінутай фуры каля горада Сан-Антоніа ў штаце Тэхас, у 250 кіламетрах ад амерыкана-мексіканскай мяжы. Яшчэ 16 чалавек былі дастаўлены ў бальніцу з прыкметамі цеплавога ўдару і перагравання. Гаворка ідзе пра самую маштабную трагедыю, звязаную з гандлем людзьмі ў ЗША.

У сваю чаргу, пры спробе 1500 афрыканскіх мігрантаў прарвацца з Марока ў Іспанію ў памежным пункце Мелілья, загінулі па меншай меры 23 чалавека. Празмернае ўжыванне сілы органамі аховы парадку асудзіла Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці, а іспанскі епіскапат заклікаў здзейсніць “крокі ў кірунку гуманнасці” падчас пераадолення новага міграцыйнага крызісу.
 

28 чэрвеня 2022, 12:04