Пошук

Анёл Панскі: без Эўхарыстыі жыццё было б сапраўды шэрым

Эўхарыстыя не толькі сілкуе, але і насычае, - заўважыў Папа ў разважанні перад малітвай Анёл Панскі 19 чэрвеня 2022 года. Ён засяродзіўся на ўрачыстасці Божага Цела, якая адзначаецца ў Італіі ў нядзелю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак спаслаўся на ўрывак з Евангелля, прызначаны на ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (Лк 9, 11б-17), дзе апісваецца цуд памнажэння хлеба. Ён адзначыў, што галоўным матывам Езуса быў клопат пра натоўп, які ішоў за Ім.

“У Эўхарыстыі кожны можа адчуць гэтую поўную любові і канкрэтную чуласць Пана. Хто ў веры прымае Цела і Кроў Хрыста, той не толькі есць, але і насычаецца”, - звярнуў увагу Святы Айцец. Гэты цуд адбываецца вельмі стрымана, і хлеб памнажаецца пераходзячы з рук у рукі. “Натоўп, які есць, разумее, што Езус клапоціцца пра ўсё”, - дадаў ён.

Пантыфік падкрэсліў адмысловае вымярэнне Эўхарыстыі. “Наша эўхарыстычная адарацыя спраўджваецца, калі мы клапоцімся пра бліжняга, як Езус: вакол нас адчуваецца голад ежы, але таксама і супольнасці, суцяшэння, сяброўства, добрага настрою і чуласці”, - адзначыў ён.

Папа заўважыў, што акрамя спажывання ёсць яшчэ і пачуццё сытасці. “Нам, вядома, патрэбна харчаванне, але і насычэнне – веданне таго, што ежа дадзена нам з любові. У Целе і Крыві Хрыста мы знаходзім Яго прысутнасць, Яго жыццё, аддадзенае за кожнага з нас. Ён нам дае не толькі дапамогу на шляху, але і самога сябе: робіць сябе нашым спадарожнікам, уваходзіць у нашы справы, наведвае нас у адзіноце, вяртаючы сэнс і энтузіязм. Гэта насычае нас, дае тое “нешта большае”, чаго ўсе мы шукаем: прысутнасць Пана! Таму што ў цеплыні яго прысутнасці наша жыццё пераўтвараецца: без Яго яно было б сапраўды шэрым. Ушаноўваючы Цела і Кроў Хрыста, памолімся ад усёй душы: “Пане, дай мне хлеба надзённага, каб ісці наперад, і напоўні мяне сваёй прысутнасцю!”, - заахвоціў Францішак перад малітвай Анёл Панскі і апостальскім благаслаўленнем.
 

19 чэрвеня 2022, 12:27

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >