Пошук

Аўдыенцыя для ўдзельнікаў канферэнцыі Santa Marta Group Аўдыенцыя для ўдзельнікаў канферэнцыі Santa Marta Group 

Францішак: Касцёл удзячны за клопат пра ахвяр гандлю людзьмі

Папа прыняў удзельнікаў канферэнцыі Групы святой Марты (Santa Marta Group) – арганізацыі, якая аб'ядноўвае прадстаўнікоў Касцёла і спецслужбаў, якія займаюцца барацьбой з гандлем людзьмі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Гандль людзьмі з’яўляецца сапраўднай бядой, якая парушае годнасць і правы мужчын, жанчын і дзяцей і мае доўгатрывалыя наступствы для ахвяр і ўсяго грамадства, - зазначыў Пантыфік падчас аўдыенцыі, якая 19 мая 2022 года прайшла ў ватыканскім Апостальскім палацы.

Францішак выказаў сваю падзяку ўсім, хто змагаецца з гэтым ганебным феноменам, заклікаў да ўмацавання супрацоўніцтва ў гэтай сферы і пажадаў, каб ахвяры гандлю людзі заўсёды мелі магчымасць атрымаць усю неабходную дапамогу, як на фізічным, так і на духоўным узроўні.

Папа заўважыў, што сучасныя формы рабства, на жаль, распаўсюджваюцца таксама ў найбольш развітых рэгіёнах свету. Ён выказаў пажаданне, каб барацьба з гандлем людзьмі прадугледжвала спрыянне “больш адказнаму выкарыстанню тэхналогій і сацыяльных сетак”, а таксама абнаўленне “візіі палітычнага, эканамічнага і грамадскага жыцця, засяроджанага не на прыбытку, а на асобах”.

Пантыфік заклікаў падтрымліваць, суправаджаць і рэінтэграваць у грамадства ахвяр гандлю людзьмі, дапамагаць ім у працэсе аздараўлення і вяртання сябе самапавагі. Ён падкрэсліў, што гэтыя людзі часта бываюць забытымі ўсімі і пазбаўленымі голасу. “Касцёл заўсёды ўдзячны за кожны выраз братэрскай любові і клопату, прадэманстраваныя да людзей, якія падвергнуліся ператварэнню ў рабоў і эксплуатацыі, бо такім чынам Божая міласэрнасць становіцца бачнай, а тканка грамадства ўмацоўваецца і абнаўляецца”, - заўважыў Святы Айцец.
 

19 мая 2022, 12:23