Пошук

Аўдыенцыі для ўдзельнікаў капітула Братоў хрысціянскіх школ Аўдыенцыі для ўдзельнікаў капітула Братоў хрысціянскіх школ 

Францішак: моладзі нельга перадаць тое, чаго няма ў нас саміх

21 мая 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў 46-га Генеральнага капітула кангрэгацыі Братоў хрысціянскіх школ, які праходзіць на тэму: “Будаваць новыя шляхі, каб змяняць жыццё”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Добра, калі капітул разумеецца так: як будаўніцтва новых дарог, якія вядуць на сустрэчу з братамі, асабліва самымі беднымі. Але мы ведаем, што “Дарога”, па-сапраўднаму новы шлях, гэта Езус Хрыстус: калі ідзем за Ім, калі ідзем разам з Ім, тады наша жыццё змяняецца і становімся закваскай, соллю, святлом”, - сказаў сваім гасцям Пантыфік.

“Вы навучаеце адказнасці, крэатыўнасці, суіснаванню, міру; навучаеце духоўнаму жыццю, адкрытасці на трансцэндэнтнасць, на пачуццё захаплення і на сузіранне перад абліччам таямніцы жыцця і стварэння. Усё гэта вы перажываеце і інтэрпрэтуеце ў Хрысце і перакладаеце ў паўнату чалавецтва”, - заўважыў Папа.

“Гэта ваша апостальства, гэта ваш асаблівы ўклад у евангелізацыю: дапамагаць узрастаць чалавечнасці паводле Хрыста. У такім сэнсе вашы школы з’яўляюцца “хрысціянскімі” не згодна з шыльдай, якая вісіць звонку”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што без сферы адукацыі немагчыма знайсці адказы на два вялікія выклікі нашага часу, якія тычацца братэрства і клопату пра супольны дом. “Яны абодва з’яўляюцца ў першую чаргу адукацыйнымі выклікамі. І, дзякуй Богу, хрысціянская супольнасць не толькі разумее гэта, але таксама працуе ў гэтай сферы, даўно намагаецца “будаваць новыя шляхі, каб змяняць” стылі жыцця”, - зазначыў Папа.

Святы Айцец заклікаў сваіх гасцей працягваць вучыць “пераходзіць ад закрытага свету да адкрытага; ад культуры аднаразовага выкарыстання да культуры клопату; ад пошуку асабістай выгады да пошуку агульнага дабра”. “Як выхавацелі вы ведаеце, што гэта перамена павінна пачынацца з сумлення, у адваротным выпадку яна будзе выключна вонкавай”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што моладзі немагчыма перадаць тое, чаго няма ў нас саміх, таму хрысціянскі выхавацель з'яўляецца настаўнікам у той меры, у якой з'яўляецца сведкам. “Дзякую вам за тое, кім з’яўляецеся і што робіце! Ідзіце наперад з радасцю евангелізацыі праз адукацыю і адукацыі праз евангелізацыю”, - дадаў на заканчэнне прамовы Пантыфік.

 

21 мая 2022, 11:54