Пошук

Папа Францішак і Ранальдынью на інаўгурацыі Міжнароднага руху Scholas Occurrentes Папа Францішак і Ранальдынью на інаўгурацыі Міжнароднага руху Scholas Occurrentes 

Пантыфік: для ўратавання планеты патрэбны паэзія і адвага

Святы Айцец узначаліў інаўгурацыю Міжнароднага адукацыйнага руху Scholas Occurrentes. Урачыстая цырымонія прайшла 19 мая 2022 года ў Папскім універсітэце Урбаніяна.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас сустрэчы было абвешчана, што 10 кастрычніка на Алімпійскім стадыёне ў Рыме адбудзецца дабрачынны матч за мір. Вядомыя футбалісты: Ранальдынью, Максі Радрыгес і Даніел Алвіс запрасілі Францішка на трыбуны.

У спартыўнай ініцыятыве, ля вытокаў якой стаяў памерлы ў 2020 годзе Дыега Арманда Марадона, прымуць удзел, між іншых, Ліянель Месі, Джанлуіджы Буфон, Іван Ракіціч, Анхель Дзі Марыя, Пепе Рэйна і Луіс Суарэс. Гэта міжрэлігійная падзея павінна будзе стаць заклікам да міру, адзінства і сустрэчы.

Ранальдынью ўручыў Папу капітанскую павязку і футбольную майку з нумарам 10. Пантыфік благаславіў аліўкавае дрэва і пакінуў аўтограф на мячы. Ён распавёў, што пазнаёміўся з Марадонам з нагоды матчу за мір у 2014 годзе. “Я памятаю пра ўсё, што зрабіў Дыега для Scholas Occurrentes, фонду, якія займаецца найбольш патрабуючымі”, - сказаў Святы Айцец. Ён дадаў, што Марадона “быў паэтам на полі”, “вялікім майстрам, які дарыў радасць мільёнам людзей”, але, адначасова, быў “вельмі слабым чалавекам”.

У сустрэчы бралі ўдзел 50 маладых людзей з Аргентыны, Балівіі, Бразіліі, Чылі, Калумбіі, Іспаніі, Гаіці, Італіі, Мексікі, Панамы, Парагваю і Партугаліі, якія будуць праходзіць фармацыю ў рамках каталіцкага адукацыйнага праекта экалагічнай накіраванасці Школа Laudato si’. Звяртаючыся да моладзі, Папа зазначыў, што для нясення ў свет прынцыпаў энцыклікі Laudato si’ патрэбны адвага і паэзія, якой можна навучыцца, сузіраючы прыгажосць стварэння.

Інаўгурацыю міжнароднага руху Scholas Occurrentes адведалі таксама вядомыя дзеячы свету мастацтва, спорту і новых тэхналогій, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці з усяго свету. У падзеі браў удзел Бона, лідар ірландскага музычнага гурту U2, які спытаўся ў Папы пра тое, ці не з’яўляецца асаблівая здольнасць жанчын змяняць свет таксама пэўнага роду “звышсілай”, неабходнай для прасоўвання клопату пра навакольнае асяроддзе планеты. Пантыфік заўважыў, што звычайна зямлю называюць “маці”, а не “бацькам”, і жанчыны, насамрэч, маюць прыроджаны дар змяняць сітуацыі. “З таго дня з яблыкам” галоўная роля належыць ім, - сказаў Францішак, спасылаючыся на гісторыю Адама і Евы з першых раздзелаў Кнігі Быцця.
 

20 мая 2022, 10:32