Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: нельга наследаваць Хрыста без крыжа і служэння

7 мая 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў Генеральнага капітула Ордэну Найсвяцейшай Панны Міласэрнай для выкупу нявольнікаў, члены якога вядомы таксама як мерседарыі.

Немагчыма наследаваць Хрыста без служэння і выконваць служэнне без крыжа, - нагадаў Пантыфік, заклікаючы законнікаў уважліва слухаць Пана перад абліччам сітуацый “недахопу надзеі, матывацыі і рашэнняў” у свеце і ў Касцёле.

Папа спаслаўся на евангельскую гісторыю пра цуд перамянення вады ў віно, учынены Езусам падчас вяселля ў Кане Галілейскай. Ён нагадаў, што заклікаючы слугаў напоўніць вадой збаны для ачышчэння, Езус прапанаваў зрабіць нешта новае, тое, што ніводнаму слузе не прыйшло на думку – тое, чаго яны не чакалі і што не ўяўлялі пачуць. Папа заклікаў удзельнікаў капітула таксама мець адкрытасць і давер да Пана, гатоўнасць слухаць тое, што Бог “можа прамовіць праз брата ці абставіны”.

Пантыфік падкрэсліў, што збаны для ачышчэння з вяселля ў Кане “заклікаюць нас вярнуцца да першай любові, да крыніцы, каб аднавіць нявінныя і поўныя надзеі паводзіны нашых першых гадоў кансэкраванага жыцця”. “Збаны, якія сталі пустымі, павінны зноў напоўніцца той жа радасцю, якой былі напоўнены перад пачаткам вяселля”, - дадаў ён.

Францішак заклікаў законнікаў не апускаць рукі перад цяжкасцямі, памятаць пра евангелізацыйнае пакліканне Касцёла, адкрыць сэрцы на Божыя сюрпрызы і прысвяціць сябе канкрэтнаму і простаму служэнню людзям. Трэба быць як Марыя: “ля падножжа крыжа побач з Хрыстом у пакутуючым целе беднага і вязня”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа нагадаў пра вытокі манаскай супольнасці мерседарыяў, заснаванай у 1218 годзе для вызвалення хрысціян з мусульманскай няволі. Ён заклікаў законнікаў пытацца ў Бога пра тое, што яны павінны рабіць сёння, калі існуе так шмат новых форм нявольніцтва, а рабоў стала больш, чым было ў мінулым.
 

07 мая 2022, 13:47