Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак салідарны з ахвярамі стыхійных бедстваў

Святы Айцец выказаў салідарнасць з жыхарамі Злучаных Штатаў і Канады, якія пацярпелі ў апошнія дні ад стыхійных бедстваў. Ён накіраваў адмысловыя тэлеграмы за подпісам свайго Дзяржсакратара.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“З сумам даведаўшыся аб трагічнай гібелі людзей і разбурэннях, выкліканых тарнада, які абрынуўся на горад Гейлорд некалькі дзён таму, Яго Святасць Францішак выказвае шчырую салідарнасць з усімі, хто пацярпеў ад стыхійнага бедства. Ён запэўнівае ў сваіх малітвах за памерлых, параненых і перамешчаных, а таксама тых, хто займаецца аказаннем дапамогі. Святы Айцец выпрошвае ва Усемагутнага Бога благаслаўленне сілы і міру”, - гаворыцца ў тэлеграме на імя пастыра Гейлордскай дыяцэзіі, біскупа Джэфры Уолша.

Папа моліцца і за загінулых і пацярпелых у выніку штормаў, якія абрынуліся на паўднёвы ўсход Канады. Ён давярае душы памерлых міласэрнасці Усемагутнага Бога, запэўнівае параненых і тых, хто смуткуе, у сваёй духоўнай блізкасці, выказвае падтрымку біскупам з пацярпелых раёнаў і грамадзянскім уладам, якія працягваюць аказваць неабходную дапамогу.

Адзін чалавек загінуў, больш за 40 пацярпелі з прычыны тарнада, які абрынуўся на амерыканскі штат Мічыган. Ён прайшоў праз горад Гейлорд.

Колькасць загінулых у выніку ўраганнага ветру на поўдні Канады вырасла да 8 чалавек. Большасць загінула пад паваленымі дрэвамі, адна жанчына патанула, калі яе лодка патрапіла ў шторм і перавярнулася. Сотні тысяч жыхароў правінцый Антарыё і Квебек засталіся без электрычнасці. Ураган пранёсся над поўднем Канады ў суботу.
 

25 мая 2022, 11:45