Пошук

Пантыфік: вайна – абраза Бога і блюзнерская здрада Пасхе Пана

Хрыстовы спакой ніколі не бывае “ўзброеным”: ён нясецца праз малітву, ласкавасць, прабачэнне і бескарыслівую любоў да бліжняга, да кожнага бліжняга, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 13 красавіка 2022 года прайшла ў Ватыкане, Францішак нагадаў, што “мы знаходзімся ўсярэдзіне Вялікага тыдня, які працягваецца ад Пальмовай нядзелі да Нядзелі Уваскрасення”. У цэнтры гэтых двух святаў знаходзіцца Езус, але, тым не менш, яны вельмі адрозніваюцца.

“У мінулую нядзелю мы бачылі як Хрыстус урачыста ўваходзіў у Ерузалем, прымаўся як Месія: на дарозе Яму рассцілалі плашчы і клалі ссечаныя галінкі дрэваў”, - нагадаў Папа. Людзі думалі, што “прыходзіць новы кароль, які прынясе спакой і хвалу”. Яны чакалі “хвалебнага спакою”, які будзе плёнам “каралеўскага ўмяшання” і “дзеяння магутнага месіі, які зможа вызваліць Ерузалем ад рымскай акупацыі”. Іншыя “марылі пра ўстанаўленне грамадскага спакою і бачылі ў Езусе ідэальнага караля, які мог бы накарміць натоўпы хлябамі”, - дадаў ён.

“Але Езус ніколі не казаў пра гэта: Ён меў перад сабой іншую Пасху, не трыумфальную. Адзінае, пра што Ён паклапаціўся, каб падрыхтаваць свой уваход у Ерузалем – гэта знайсці прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей ніколі яшчэ не сядаў. Вось як Хрыстус нясе спакой у свет: праз пакорнасць і лагоднасць, якія сімвалізуе прывязанае асляня, на якое ніхто яшчэ не сядаў. Ніхто – бо спосаб дзеяння Бога адрозніваецца ад спосабу дзеяння чалавека”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што “спакой, які Езус дае праз Пасху не з’яўляецца вынікам стратэгій свету, які верыць, што спакой устанаўліваецца праз сілу, заваяванні ці розныя формы прымусу”. Такі спакой – “усяго толькі перапынак паміж войнамі”, - зазначыў ён.

“Спакой Пана прыходзіць шляхам лагоднасці і крыжа, ён прадугледжвае ўзняцце на сябе ярма іншых. Хрыстус, насамрэч, узяў на сябе наша зло, наш грэх і нашу смерць і так вызваліў нас. Яго спакой – не плён нейкага кампрамісу, але нараджаецца з прынясення сябе ў дар. Гэта пакорны і мужны спакой, але яго цяжка прыняць. І сапраўды, натоўп, які ўсклікаў Езусу: “Гасана”, гэта той жа самы натоўп, які ўсяго праз некалькі дзён крычаў: “Укрыжуй Яго”, і, спалоханы і расчараваны, не паварушыў пальцам дзеля Яго”, - заўважыў Пантыфік.

У гэтым кантэксце Францішак працытаваў Легенду пра вялікага інквізітара з рамана Дастаеўскага “Браты Карамазавы”: яна распавядае як Езус вярнуўся на зямлю і спачатку быў радасна прыняты людзьмі, але потым быў арыштаваны Інквізітарам, які дапытваў і сурова крытыкаваў Яго. Папа заўважыў, што Інквізітар увасабляе сабой “логіку гэтага свету”, а яго самым галоўным абвінавачваннем у адрас Езуса было тое, што Ён не захацеў стаць каралём і пакінуў чалавека свабодным, замест таго, каб зняволіць яго і вырашыць усе праблемы сілай. А калі Інквізітар чакаў рэзкай рэакцыі Хрыста, горкіх слоў з Яго вуснаў, Езус наблізіўся і пацалаваў Яго.

“Хрыстовы спакой ніколі не ўзвышаецца над іншымі, ніколі не бывае “ўзброеным”. Евангельская зброя – гэта малітва, ласкавасць, прабачэнне і бескарыслівая любоў да бліжняга, да кожнага бліжняга. Менавіта так прыносіцца Божы спакой у свет. Вось чаму ўзброеная агрэсія гэтых дзён, як і ўсялякая вайна, з’яўляецца абразай Бога, блюзнерскай здрадай Пасхі Пана, адданем перавагі не Яго пакорнаму абліччу, а абліччу фальшывага бога гэтага свету”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што перад Пасхай Езус сказаў сваім вучням: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца” (Ян 14,27). “У той час як мірская ўлада пакідае толькі руйнаванні і смерць, спакой Езуса будуе гісторыю, пачынаючы ад сэрца кожнага чалавека, які яго прымае. Таму Пасха – гэта сапраўднае свята Бога і чалавека, падчас якога спакой, які Хрыстус здабыў на крыжы, ахвяраваўшы сабой, даецца нам. Таму Уваскрослы, у дзень Пасхі, з’явіўся вучням і паўтарыў: “Спакой вам!” (Ян 20,19.21), - сказаў Папа

“Браты, сёстры, Пасха значыць “пераход”. І асабліва ў гэтым годзе яна з’яўляецца шчаслівай нагодай, каб перайсці ад мірскога бога да Бога хрысціянскага, ад прагнасці, якую носім у сабе, да міласэрнай любові, якая робіць нас свабоднымі, ад чакання спакою, прынесенага сілай, да рашучага імкнення сведчыць спакой Езуса. Станем перад укрыжаваннем, крыніцай нашага спакою, і папросім Яго аб спакоі ў сэрцы і спакоі ў свеце”, - заклікаў на заканчэнне катэхезы Пантыфік.

13 красавіка 2022, 12:25

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >