Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа нагадаў святарам пра схаваныя формы ідалапаклонства

Сцерагчыся духоўнай свецкасці, прагматызму лічбаў і функцыяналісцкай ментальнасці, якія з’яўляюцца схаванымі формамі ідалапаклонства, - заклікаў Папа духавенства падчас святой Імшы Хрызма.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Урачыстая літургія прайшла раніцай 14 красавіка 2022 года ў ватыканскай базыліцы святога Пятра з удзелам кардыналаў, біскупаў і святароў Рымскай дыяцэзіі. Падчас яе Францішак благаславіў алеі хворых, катэхуменаў і хрызма, якія выкарыстоўваюцца на працягу ўсяго года пры ўдзяленні сакрамэнтаў хросту, пасвячэння і намашчэння хворых.

У гаміліі Папа нагадаў, што святарства – гэта вялікая ласка: “Пан выбірае са свайго статку тых, хто будзе клапаціцца пра яго авечак выключным чынам, як бацькі і пастыры”. У той жа час Францішак папярэдзіў, што “кроў, пралітая Хрыстом на крыжы, не павінна быць абясцэнена праз неналежныя паводзіны Яго слуг”. Пантыфік заклікаў духавенства маліцца аб ласцы “сустрэчы вачыма з Езусам”, падчас якой можна паказаць Яму “нашых схаваных ідалаў”, дазваляючы Хрысту заняць іх месца ў сэрцы.

Францішак зазначыў, што пакліканню душпастыраў пагражае “схаванае ідалапаклонства”, якое праяўляецца ў трох формах. Першая – духоўная свецкасць, самалюбаванне і “трыумфалізм без Крыжа”. Хрыстус маліўся, каб Нябесны Айцец захаваў нас ад духа гэтага свету”, нагадаў Папа, падкрэсліваючы, што святар, які паддаўся яму – “не больш чым клерыкалізаваны язычнік”.

Другая форма схаванага ідалапаклонства, на думку Святога Айца, караніцца там, дзе пераважае “прагматызм лічбаў” і безаблічная статыстыка. Гэта “не можа быць ні адзіным спосабам дзеянняў, ні адзіным крытэрыем у Хрыстовым Касцёле”, бо людзей нельга зводзіць да ўзроўню абстрактных лічб, - папярэдзіў ён.

Нарэшце, трэцяй форма схаванага ідалапаклонства Пантыфік назваў спакуслівую “функцыналісцкую ментальнасць”, якая аддаляе ад ласкавасці Нябеснага Айца. Яна накіравана на эфектыўнасць душпастырскіх праграм, але выціскае таямнічую прысутнасць Бога. У такім выпадку самазадавальненне і пыхлівасць займаюць месца надзеі, даверу і ўшанавання Бога ў “малых і вялікіх справах нашага жыцця”.

“Хаванне гэтых ідалаў і няздольнасць выкрываць іх у штодзённасці шкодзіць вернасці нашаму запавету святарства і аслабляе нашы асабістыя адносіны з Панам”, - сказаў Папа. Ён заклікаў святароў трымаць позірк на Хрысце, бо “Езус – гэта адзіны шлях, які дазваляе не памыліцца ў пачуццях і памкненнях сэрца; Ён – адзіны шлях правільнага распазнання”. Францішак заахвоціў духавенства да пільнасці, каб хмызнякі ідалаў, “якія мы маглі схаваць у складках нашых сэрцаў, не выраслі зноў”.

На заканчэнне святой Імшы святары, якія прымалі ў ёй удзел, атрымалі ў дар кнігу французскага біскупа Франсуа-Ксаўе Бустыльё “Сведкі, а не чыноўнікі. Святар на пераломе эпох”.

14 красавіка 2022, 12:51