Пошук

Францішак у марыйным санктуарыі Та’Піну на востраве Гоца Францішак у марыйным санктуарыі Та’Піну на востраве Гоца 

Папа на востраве Гоца: сутнасць веры – Божая любоў і гасціннасць

Вярнуцца да сутнасці веры і развівацца ў мастацтве гасціннасці, - заклікаў Папа мальтыйскую каталіцкую супольнасць 2 красавіка 2022 года падчас малітоўнай сустрэчы ў марыйным санктуарыі Та’Піну на востраве Гоца.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Гадзіна смерці Езуса на крыжы не была канцом гісторыі, але пазначыла пачатак новага жыцця і нараджэння Касцёла, таму, каб абнавіць нашу веру і місію супольнасці, неабходна вярнуцца да вытокаў, - сказаў Папа, звяртаючыся да трох тысяч вернікаў, якія сабраліся на плошчы перад санктуарыем. Перад гэтым Святы Айцец прыватна памаліўся ў капліцы з цудатворным абразом Багародзіцы, да якога штогод прыбываюць з малітвай тысячы пілігрымаў.

Францішак падкрэсліў, што вярнуцца да вытокаў значыць нанова адкрыць для сябе тое, у чым заключаецца сутнасць веры. Гэта не значыць “капіраваць касцёльную мадэль першай хрысціянскай супольнасці”, бо мы не можам “пераскочыць праз гісторыю”, быццам Пан не прамаўляў і не здзяйсняў вялікія справы ў жыцці Касцёла ў наступныя стагоддзі. Гэта не значыць таксама станавіцца празмерным ідэалістамі, думаючы, што ў гэтай супольнасці не было цяжкасцей: наадварот, вучні дыскутавалі і нават сварыліся паміж сабой, не заўсёды разумелі вучэнне Пана. “Вярнуцца да вытокаў значыць аднавіць дух першай хрысціянскай супольнасці”, нанова адкрыць, што ў цэнтры веры знаходзяцца “адносіны з Езусам і абвяшчэнне Яго Евангелля ўсяму свету”, - сказаў Папа.

Пантыфік пажадаў мальтыйскім католікам, каб іх вера грунтавалася і абнаўлялася праз асабістую сустрэчу з Хрыстом, штодзённае слуханне Яго слова, актыўны ўдзел у жыцці Касцёла, дух народнай пабожнасці. “Трэба быць пільнымі, каб рэлігійныя практыкі не зводзіліся да паўтарэння рэпертуару мінулага, а выражалі жывую, адкрытую веру, якая выпраменьвае радасць Евангелля”, - дадаў ён.

Святы Айцец перакананы, што ў цэнтры жыцця Касцёла павінна быць сяброўства з Езусам і абвяшчэнне Яго Евангелля, а не пошук месца і ўвагі; сведчанне, а не пэўныя рэлігійныя звычаі; выйсце насустрач людзям з запаленым светачам Евангелля, а не быццё закрытым колам.

Вярнуцца да вытокаў, значыць таксама развівацца ў мастацтве гасціннасці, - падкрэсліў Францішак, нагадваючы пра тое, што Езус, паміраючы на крыжы, даручыў Марыі і Яну клапаціцца адзін пра аднаго. “Ушанаванне Бога праходзіць праз блізкасць да бліжняга”, - дадаў ён, падкрэсліваючы, што “гасціннасць – гэта лакмусавая паперка, якая паказвае наколькі Касцёл па-сапраўднаму прасякнуты духам Евангелля”.

Візіт у марыйны санктуарый Та’Піну на востраве Гоца стаў апошнім пунктам праграмы першага дня мальтыйскага візіту Святога Айца. Пасля яго заканчэння ён вярнуўся ў Апостальскую нунцыятуру на Мальце, дзе правядзе бліжэйшую ноч.
 

02 красавіка 2022, 19:10