Пошук

Папа падчас святой Імшы ў Пальмовую нядзелю Папа падчас святой Імшы ў Пальмовую нядзелю 

Пантыфік: у вар’яцтве вайны мы зноў укрыжоўваем Хрыста

У самую цяжкую хвіліну Езус споўніў найскладанейшую запаведзь: любові да ворагаў, - нагадаў Папа падчас святой Імшы ў Пальмовую нядзелю, якую цэлебраваў 10 красавіка 2022 года на плошчы святога Пятра.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“На Кальварыі сутыкнуліся дзве ментальнасці. Насамрэч, у Евангеллі словы ўкрыжаванага Езуса супрацьпастаўляюцца словам тых, хто ўкрыжоўваў Яго”, - заўважыў Святы Айцец на пачатку сваёй гаміліі.

Пантыфік нагадаў, што прысутныя ля крыжа тройчы казалі Хрысту: “Уратуй сябе”. “Уратаваць сябе, клапаціцца пра сябе, думаць пра сябе; не пра іншых, а толькі пра сваё здароўе, пра свой поспех, пра сваю выгаду; пра ўласнасць, уладу і добры вобраз. Уратуй сябе – гэта рэфрэн чалавецтва, якое ўкрыжавала Пана. Задумаемся пра гэта”, - заклікаў Папа.

Францішак заўважыў, што эгаістычнай ментальнасці ўласнага “я” супрацьстаіць ментальнасць Бога – Збаўцы, які ахвяраваў сабой: Езус на крыжы нічога не патрабаваў для сябе, не бараніўся і не апраўдваўся, але маліўся да Айца, адарыў міласэрнасцю Добрага злодзея і прасіў Бога прабачыць Яго катаў, кажучы “Ойча, прабач ім”.

Папа заўважыў, што Езус паўтараў гэтыя словы ў вельмі асаблівы момант: падчас укрыжавання, адчуваючы цвікі, якія прабілі Яго запясці і ступні. “Паспрабуем уявіць, які моцны боль гэта выклікала. І менавіта ахоплены найвастрэйшым фізічным болем мукі, Хрыстус маліўся аб прабачэнні для тых, хто яго чыніў”, - нагадаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што “менавіта падчас укрыжавання, у найцяжэйшы момант, Езус перажываў сваю самую складаную запаведзь: запаведзь любові да ворагаў”. Святы Айцец заклікаў наследаваць гэты прыклад: “адказваць на цвікі жыцця любоўю, на ўдары нянавісці – ласкавасцю прабачэння”.

“Калі хочам праверыць наколькі належым Хрысту, тады давайце паглядзім як адносімся да тых, хто параніў нас. Пан заклікае адказваць не так, як хочам мы, ці як робяць усе, але так, як Ён паступае з намі”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы, што Бог глядзіць на кожнага чалавека як на сваё дзіця, са спагадай і міласэрнасцю, не дзелячы на добрых і злых, на сяброў і ворагаў.

Святы Айцец заўважыў, што Езус прыйшоў у свет, каб прынесці прабачэнне грахоў. “Давайце не будзем стамляцца Божым прабачэннем: мы, святары – удзяляць яго, кожны хрысціянін – атрымліваць яго і сведчыць пра яго”, - заклікаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што Езус прасіў аб прабачэнні для сваіх катаў, кажучы: “не ведаюць, што робяць”. “Калі чалавек выкарыстоўвае гвалт, тады больш нічога не ведае пра Бога, які ёсць Айцом, а таксама пра іншых, якія з’яўляюцца нашымі братамі. Забывае для чаго знаходзіцца ў свеце і прыходзіць ад чынення абсурдных зверстваў. Мы бачым гэта ў вар’яцтве вайны, на якой зноў укрыжоўваюць Хрыста. Так, Хрыстус яшчэ раз становіцца прыбітым да крыжа ў маці, якія аплакваюць несправядлівую смерць мужоў і дзяцей. Ён укрыжаваны ў бежанцах, якія ўцякаюць ад бомб з дзецьмі на руках. Ён укрыжаваны ў пажылых людзях, пакінутых паміраць у адзіноце, у моладзі, пазбаўленай будучыні, у салдатах, пасланых забіваць іх братоў. Там Хрыстус укрыжаваны сёння”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што перад смерцю Езус адкрыў шлях у Божае Валадарства для Добрага злодзея, укрыжаванага побач з Ім: пасярод пекла ён убачыў як адкрываецца рай.

“Браты, сёстры, давайце на працягу гэтага тыдня набудзем упэўненасць у тым, што Бог можа прабачыць усялякі грэх”, што “з Езусам заўсёды ёсць месца для кожнага; што з Езусам нічога ніколі не скончана, ніколі не бывае занадта позна”, - заклікаў Папа. “Хрыстус заўсёды заступаецца за нас перад Айцом і, гледзячы на наш гвалтоўны і паранены свет, не стамляецца паўтараць: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць”, - завяршыў гамілію Святы Айцец.

10 красавіка 2022, 13:21