Пошук

Аўдыенцыя для дэлегацыі з Лодзінскай архідыяцэзіі Аўдыенцыя для дэлегацыі з Лодзінскай архідыяцэзіі 

Францішак: міласэрнасць і экуменізм – істотныя аспекты хрысціянства

28 красавіка 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў касцёльных і грамадзянскіх уладаў, вернікаў і духавенства з Лодзінскай архідыяцэзіі, якая сёлета адзначае 100-годдзе з дня заснавання.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Рымская пілігрымка польскай дэлегацыі, у склад якой уваходзіла каля 1500 чалавек, а таксама сустрэча з Пантыфікам у ватыканскай Зале Паўла VI, сталі кульмінацыйнымі момантамі святкавання юбілею. Сваім гасцям Папа нагадаў, у першую чаргу, што евангельскім шляхам з’яўляецца шлях міласэрнасці.

“Сёння міласэрнасць вымагае вялікай “фантазіі”. Яна мае настолькі шмат абліччаў, колькі ёсць людзей, паранены і ўпаўшых на зямлю. Кожны носіць у сабе нейкія раны, нават калі не ўсе яны бачныя. Благаслаўляю ад усяго сэрца вашы дабрачынныя ініцыятывы, нават тыя, якія вы здзяйсняеце прыватна і спантанна. Благаслаўляю тых, хто адкрывае свой розум і сэрцы, дамы і рэсурсы перад хворымі, беспрацоўнымі, бяздомнымі, мігрантамі, усімі беднымі, тымі, хто пакутуе і маргіналізаванымі, перад дзецьмі, якім патрэбны дом і сям’я. Менавіта такім шляхам Касцёл набывае больш евангельскае аблічча, аблічча Добрага Самараніна, які не жадае і не можа быць раўнадушным”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заклікаў дэлегацыю Лодзінская архідыяцэзіі трываць на шляху экуменізму, а таксама нагадаў, што экуменізм у Касцёле, гэта не штосьці “факультатыўнае ці дэкаратыўнае”, але вельмі істотнае. “Заклікаю вас разам ісці па шляху тэалагічнага разважання і евангелізацыі, супольнай малітвы і слухання Божага слова, сведчання братэрства. На гэтым шляху вы будуеце мясцовае грамадства, якое з гонарам называеце “супольнасцю чатырох культур”, - нагадаў Святы Айцец, спасылаючыся на этнічную і рэлігійную разнастайцнасць Лодзі.
 

28 красавіка 2022, 12:43