Пошук

Францішак падчас Імшы ў Нядзелю  Божай Міласэрнасці Францішак падчас Імшы ў Нядзелю Божай Міласэрнасці 

Францішак: Касцёле павінен дзяліцца хлебам міласэрнасці

Пра дары Божай міласэрнасці, якімі з’яўляюцца радасць, прабачэнне і суцяшэнне, гаварыў Папа ў гаміліі падчас Імшы ў ІІ Велікодную нядзелю – Божай Міласэрнасці, 24 красавіка 2022 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец падкрэсліў, што Уваскрослы Пан, аб’яўляючыся сваім вучням, тройчы кажа: “Спакой вам!”. Ён заахвоціў вернікаў задумацца над трыма аспектамі Божай міласэрнасці: радасці, прабачэнні і суцяшэнні.

Францішак заўважыў, што вучням, якія падвялі Езуса ў драматычны для Яго момант павінна быць сорамна, а тым часам яны радуюцца, убачыўшы Яго. Гэта таму, што Хрыстус не спыняецца на мінулым, але сведчыць ім сваю дабрыню. “І гэта ажыўляе іх, напаўняе іх сэрцы страчаным спакоем, робіць іх новымі людзьмі, ачышчанымі прабачэннем, дадзеным без разліку і без заслуг”, - падкрэсліў Папа.

Ён звярнуў увагу на тое, што Божая радасць – гэта радасць, народжаная прабачэннем і спакоем, радасць, якая ўздымае, а не прыніжае. “Давайце памятаць пра прабачэнне і спакой, які мы атрымалі ад Езуса. Давайце аддамо перавагу памяці пра Божыя абдымкі і пяшчоту, а не памяці пра нашы грахі і няўдачы. Гэта дасць нам радасць. Бо нішто не можа быць такім, як раней, для тых, хто адчувае Божую радасць!” - заахвоціў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што вучні, атрымаўшы загад адпускаць грахі, сталі слугамі Божай міласэрнасці. “Сёння, і заўсёды ў Касцёле, прабачэнне павінна знаходзіць нас такім чынам, праз пакорную дабрыню міласэрнага спаведніка, які ведае, што з’яўляецца не ўласнікам нейкай улады, але каналам міласэрнасці, які вылівае прабачэнне на іншых, бо сам атрымаў яго першым”, - сказаў ён, падкрэсліўшы, што кожны ў Касцёле павінен адчуваць сябе пакліканым дзяліцца з бліжнімі хлебам міласэрнасці.

Святы Айцец заўважыў, што Божая міласэрнасць падчас нашых крызісаў і змаганняў часта прыводзіць нас да кантакту з пакутамі бліжняга. “Калі мы будзем клапаціцца пра раны бліжняга і праліваць на яго міласэрнасць, у нас адродзіцца новая надзея, якая суцешыць перад абліччам стомленасці”, - дадаў ён.

Францішак папрасіў кожнага зрабіць кароткі рахунак сумлення, пытаючыся сябе: ці дакраналіся мы да ран таго, хто пакутуе целам ці духам; ці прынеслі мы спакой фізічна параненаму ці зламанаму духам; ці знайшлі мы час, каб выслухаць, суправадзіць, суцешыць? “Калі мы робім гэта, сустракаем Езуса, Які вачыма тых, каго выпрабавала жыццё, глядзіць на нас з міласэрнасцю і паўтарае: “Спакой вам!”, - сказаў Папа, завяршаючы гамілію.

Ад імя Пантыфіка Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі.
 

24 красавіка 2022, 12:11