Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

“Вайна – гэта злачынства супраць Бога і чалавека, якое заслугоўвае рашучага і неадкладнага асуджэння”, - заявіла Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў звароце 3 сакавіка 2022 г. Іерархі выказалі глыбокую заклапочанасць тым, што “працяглы палітычны канфлікт паміж Расіяй і Украінай перайшоў у фазу вайны. У выніку гінуць людзі, разбураюцца гарады, населеныя пункты і інфраструктура, сотні тысяч бежанцаў вымушаны шукаць прытулку на чужыне”. Біскупы таксама падкрэслілі, што яны моляцца і просяць, “каб тыя, ад каго гэта залежыць, не дапусцілі, каб Беларусь прымала ўдзел у гэтай вайне”. Біскупская канферэнцыя заклікала да посту і салідарнай малітвы ў інтэнцыі міру ва Украіне, аказанню пасільнай дапамогі пацярпелым.

Сёлета Вялікі пост распачаўся ў складанай сітуацыі, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у Папяльцовую сераду, 2 сакавіка 2022 г. У сваім пастырскім cлове ён заклікаў сярод шматлікіх прычын ваеннага канфлікту Расіі з Украінай найперш шукаць маральныя. “На жаль, мы як хрысціянскія народы, якія павінны кіравацца прынцыпам любіць бліжняга, як самога сябе, забыліся аб ім. А гэта грэх, які вядзе да падзелаў і ўзброеных супрацьстаянняў. Таму Вялікі пост – адпаведны час не толькі для нашага асабістага прымірэння з Богам і бліжнім, але таксама і цэлых народаў”, - адзначыў іерарх. Паводле яго, “сёння, калі вырашаецца будучыня Украіны, а ў пэўным сэнсе – усёй Еўропы і свету, замест кананады гармат павінна гучаць “кананада” салідарнай малітвы, пакаяння і дыпламатычных захадаў для мірнага вырашэння канфлікту”.

Aрцыбіскуп Юзаф Станеўскі маліўся за мір ва Украіне з вернікамі парафіі ў Іўеўскім дэканаце. Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага 27 лютага 2022 г. сустракалі ў касцёле ў Суботніках. Там ён ўзначаліў Эўхарыстыю ў інтэнцыі міру і згоды ў Беларусі і ва Украіне. Арцыбіскуп заахвоціў вернікаў да частай споведзі і прыняцця святой Камуніі, каб быць моцнымі Божай моцай. “Няхай супакой Пана, які Ён перадаў сваім апосталам і які Ён здабыў праз муку, смерць і Змёртвыхпаўстанне сваё, сённяшні свет, нас, нашых суседзяў натоліць еднасцю, згодай і тым мірным сонцам над намі”, - пажадаў іерарх.

Адмысловая малітоўная акцыя прайшла ў беларуска-украінскім памежжы. Дэкан Стаўбцоўскі ксёндз канонік Ігар Лашук 3-4 сакавіка 2022 г. наведаў парафіі ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях, якія мяжуюць з Украінай. З абразом Маці Божай Юравіцкай і фігурай Арханёла Міхала святар ладзіў разам з мясцовымі вернікамі набажэнствы ў інтэнцыі спыненні вайны паміж Расіяй і Украінай, аб Божым прабачэнні, за ўсіх загінулых. “У некалькіх кіламетрах адсюль – вялікае цярпенне і пакуты украінскага народа. Даруй, Пане, людзям тваім, што не ўмеюць мірна размаўляць паміж сабою”, - маліўся кс. Ігар.

На працягу Вялікага посту ў гродзенскай катэдры будзе адбывацца адарацыя ў інтэнцыі міру. У многіх парафіях Беларусі ладзіцца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту з просьбай аб міры для Украіны, а ў гродзенскай катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксавэрыя на працягу ўсяго Вялікага посту адарацыя будзе праходзіць увечары па панядзелках, серадах і суботах. Вернікі будуць прасіць аб міры ў свеце, а таксама аб патрэбных ласках для народаў Украіны, Беларусі і Расіі. Арганізатары заклікаюць далучацца да супольнай малітвы, бо адказнасць за мірную будучыню ляжыць на кожным, адзначаюць яны.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

05 сакавіка 2022, 08:53