Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: кроў і слёзы дзяцей Украіны ўзрушваюць наша сумленне

Страшны крык аб дапамозе нашых украінскіх братоў падштурхоўвае нас не толькі разважаць, але таксама плакаць разам з імі і дзейнічаць на іх карысць, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак скіраваў пасланне на імя арцыбіскупа Віленскага Гінтараса Грушаса, старшыні Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, з нагоды адкрыцця ІІІ Еўрапейскіх каталіцкіх сацыяльных дзён. Міжнародны форум праходзіць з 17 па 20 сакавіка 2022 года ў Браціславе. Ён быў арганізаваны ў супрацоўніцтве паміж Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE), Камісіяй Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (СOMECE) і Канферэнцыяй Біскупаў Славакіі.

Святы Айцец заўважыў, што падзеі апошніх тыдняў, гэта не тое, што чалавецтва спадзявалася перажыць пасля складанай надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй, якая паказала бяссілле, страх і кволасць чалавечага жыцця.

“Трагедыя вайны, якая адбываецца ў сэрцы Еўропы, пакідае нас ашаломленымі; мы ніколі не думалі, што ўбачым падобныя сцэны, якія нагадваюць вялікія ўзброеныя канфлікты мінулага стагоддзя. Страшны крык аб дапамозе нашых украінскіх братоў падштурхоўвае нас, як супольнасць вернікаў, не толькі сур’ёзна разважаць, але таксама плакаць разам з імі і дзейнічаць на іх карысць; раздзяляць трывогу народа, параненага ў яго тоеснасці, гісторыі і традыцыі. Кроў і слёзы дзяцей, пакуты жанчын і мужчын, якія абараняюць сваю зямлю ці ўцякаюць ад бомб, узрушваюць наша сумленне. Чарговы раз чалавецтву пагражае скажонае злоўжыванне ўладай і прыватнымі інтарэсамі, якія асуджаюць безабаронных людзей на спазнанне ўсіх форм брутальнага гвалту”, - напісаў Пантыфік.

Святы Айцец падзякаваў еўрапейскім біскупам за неадкладную дапамогу бежанцам і заклікаў працягваць няспынна маліцца, каб адказныя за лёс народаў “прыкладалі ўсе намаганні для спынення вайны і распачацця канструктыўнага дыялогу, з мэтай пакласці канец вялізарнай гуманітарнай трагедыі, якую яна правакуе”.

Францішак падкрэсліў, што сёння як ніколі неабходна “нанава ўбачыць стыль і эфектыўнасць ars politica (мастацтва палітыкі)”, каб зрабіць магчымым развіццё сусветнай супольнасці, здольнай пабудаваць братэрства на аснове грамадскага міру паміж народамі і дзяржавамі.

“Вайна, якая “пакідае наш свет у горшым стане” і з’яўляецца “правалам палітыкі і чалавецтва, горкай параза перад сіламі зла”, можа выклікаць і адваротную рэакцыю – “імкненне нанава заснаваць “архітэктуру” міра на глабальным узроўні, у якой еўрапейскі дом, што ўзнік, каб гарантаваць мір пасля сусветных войнаў, будзе мець першаснае месца”, - падкрэсліў Папа. Пантыфік, заклікаў еўрапейскіх хрысціян “не стаяць са складзенымі рукамі”, а “станавіцца рамеснікамі адзінства, ткачамі еднасці на кожным узроўні: не дзеля стратэгіі, а дзеля Евангелля”, у сэрцы якога знаходзіцца Хрыстовае збаўленне і любоў.

“Чалавек, які любіць, перамагае страх і недавер да тых, хто падыходзіць да нашых межаў у пошуку лепшага жыцця”, зазначыў Францішак. Ён падкрэсліў, што прымаць, бараніць, суправаджаць і інтэграваць шматлікіх братоў і сясцёр, што ўцякаюць ад канфліктаў, голаду і беднасці, гэта не толькі па-чалавечы, але, тым больш, па-хрысціянску. “Няхай муры, якія яшчэ ёсць у Еўропе, ператворацца ва ўваходныя брамы да яе спадчыны гісторыі, веры, мастацтва і культуры; няхай развіваюцца дыялог і грамадскае сяброўства, каб узрастала міжчалавечае суіснаванне, заснаванае на братэрстве”, - пажадаў Святы Айцец.

18 сакавіка 2022, 10:42