Пошук

Кардынал П'етра Паралін падчас святой Імшы ў Папяльцовую сераду Кардынал П'етра Паралін падчас святой Імшы ў Папяльцовую сераду 

Імша ў Папяльцовую сераду: просім Бога аб міры

На пачатку Вялікага посту Святы Айцец нагадаў, што малітва, міласэрная любоў і пост – гэта духоўная зброя, з дапамогай якой просім у Бога аб міры, які людзі не могуць збудаваць самі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

2 сакавіка 2022 года, у Папяльцовую сераду, кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін узначаліў святую Імшу з абрадам пасыпання галоў попелам. Яе павінен быў цэлебраваць Папа, але не змог з-за вострага болю ў калене. Літургія прайшла ў базыліцы Санта-Сабіна на рымскім пагорку Авенцін. Ёй папярэднічала пакаянная працэсія ад бэнэдыктынскага касцёла святога Анзэльма.

Падчас святой Імшы кардынал Паралін прачытаў гамілію, падрыхтаваную Папам, у якой заўважыў, што малітва, міласэрная любоў і пост з’яўляюцца лекамі, “здольнымі змяніць гісторыю”. “Гэта тры галоўныя шляхі, якія дазваляюць Богу ўвайсці ў наша жыццё і свет. Гэта духоўная зброя, з дапамогай якой, у гэты Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру ва Украіне, мы просім Бога аб тым міры, які людзі не могуць ні дасягнуць, ні стварыць самі”, - прамовіў словы Папы кардынал.

Дзяржаўны сакратар падкрэсліў, што абрад пасыпання галоў попелам з’яўляецца папярэджаннем, “каб не жылі пад знакам марнасці, для якой каштоўная не чысціня сэрца, але захапленне з боку людзей; не позірк Бога на нас, але тое, як бачаць нас іншыя”.

“Гэты пакорны знак, які прымушае нас задумацца пра мінучасць нашага чалавечага стану, падобны на леку з горкім смакам, але эфектыўнага ў лячэнні хваробы вонкавасцю. Гэта духоўная хвароба, якая занявольвае чалавека, уводзячы яго ў залежнасць ад ухвалення з боку іншых”, - дадаў ён.

Кардынал зазначыў, што малітва, міласціна і пост “могуць стаць самадастатковымі”, бо нават у самым прыгожым жэсце “можа схавацца лічынка самазадавальнення”. Сэрца, якое шукае ўхвалення людзей, а не любові Айца – не свабоднае, і попел падкрэслівае нікчэмнасць, “якая стаіць за апантаным пошукам мірскіх узнагарод”, - дадаў іерарх.

“Вялікі пост – гэта час, якім Пан падарыў нас, каб вярнуліся да жыцця, каб былі паклапаціліся свой духоўны свет і крочылі да Пасхі, да таго, што не прамінае, да ўзнагароды ад Айца. Гэта шлях аздараўлення”, - сказаў ён.

У малітве, якая здзяйсняецца не на паказ, а патаемна, з позіркам скіраваным на Укрыжаванага, мы “укладзем у Яго раны нашы раны і свету”, дазваляючы, каб яны напоўніліся ласкавасцю Бога. Міласціна выяўляе прыгажосць дару, “які становіцца атрыманнем”. Нарэшце, пост – “гэта не дыета: ён вызваляе ад навязлівага пошуку фізічнага дабрабыту, каб дапамагчы трымаць у форме наш дух, а таксама вяртае здольнасць належна ацэньваць рэчы”, - прачытаў словы Францішка кардынал П’етра Паралін.

02 сакавіка 2022, 21:25