Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа маліўся за М’янму, заклікаў да братэрства і прывітаў алімпійцаў

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 2 лютага 2022 года прайшла ў Ватыкане, Францішак скіраваў некалькі заклікаў, звязаных з актуальнымі падзеямі ў свеце і Касцёле.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Ужо на працягу года мы з болем назіраем за насіллем, якое залівае крывёю М’янму. Далучаюся да закліку бірманскіх біскупаў, каб міжнародная супольнасць прыклала сілы на карысць прымірэння паміж бакамі. Мы не можам адварочваць позірк у іншы бок перад абліччам пакут шматлікіх братоў і сясцёр. Давайце папросім Бога ў малітве аб суцяшэнні для спакутаванага народу. Даверым Яму намаганні на карысць міру”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што 4 лютага ў другі раз будзе адзначацца Міжнародны дзень агульначалавечага братэрства, мэта якога заключаецца ў прасоўванні міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялогу, згодна з Дакументам аб братэрстве, падпісаным Папам і імамам Ахмедам Аль-Таібам у 2019 годзе ў Абу-Дабі.

“Братэрства азначае працягванне рукі іншым, павагу да іх і слуханне іх з адкрытым сэрцам. Жадаю, каб былі зроблены канкрэтныя крокі, разам з вызнаўцамі іншых рэлігій, а таксама людзьмі добрай волі, на карысць сцвярджэння таго, што цяпер час братэрства, пазбягаючы ўмацавання сутыкненняў, падзелаў і закрытасці. Давайце будзем штодзённа маліцца і прыкладаць высілкі дзеля таго, каб усе маглі жыць у міры, як браты і сёстры”, - сказаў Папа.

Францішак прывітаў таксама ўдзельнікаў зімовых Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў, якія з 4 лютага па 4 сакавіка 2022 года адбудуцца ў Пекіне. Ён пажадаў поспеху арганізатарам падзеі, а спартсменаў заклікаў паказаць свае найлепшыя якасці.

“Спорт, дзякуючы сваёй паўсюднай мове, можа будаваць масты сяброўства і салідарнасць паміж людзьмі і народамі ўсіх культур і рэлігій”, - сказаў Святы Айцец, падтрымліваючы ініцыятыву Міжнароднага алімпійскага камітэту дадаць да дэвізу гульняў: “Хутчэй, вышэй, мацней” слова “разам”, каб “Алімпійскія гульні дапамаглі свету станавіцца больш братэрскім”.

Скіроўваючы думкі да ўдзельнікаў Паралімпійскіх гульняў Папа пажадаў, каб яны дапамаглі перамагчы забабоны і страх у грамадствах, а таксама зрабілі іх больш адкрытымі і інклюзіўнымі, што стане “залатым медалём”, які выйграюць усе.

Пантыфік выказаў асаблівую блізкасць спартсменам-бежанцам, прызнаўшыся, што сочыць за іх асабістымі гісторыямі. “Іх сведчанні дапамагаюць заахвоціць грамадзянскія супольнасці адкрывацца з большым даверам на ўсіх, не пакідаюцца ззаду нікога”, - сказаў Папа і заклікаў алімпійцаў быць сапраўднымі міратворцамі.
 

02 лютага 2022, 11:29