Пошук

На месцы ратавання пяцігадовага хлопчыка ў Марока На месцы ратавання пяцігадовага хлопчыка ў Марока 

Папа пра каштоўнасць кожнага жыцця і два прыклады салідарнасці

Пасля малітвы Анёл Панскі, 6 лютага 2022, Папа падкрэсліў важнасць абароны кожнага чалавечага жыцця і звярнуў увагу на два прыклады салідарнасці, якія мелі месца ў Марока і Італіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак нагадаў, што 6 лютага ў Італіі адзначаецца Дзень жыцця, сёлетняй тэмай якога былі выбраны словы: “Бараніць кожнае жыццё”. “Гэты заклік тычыцца ўсіх, асабліва самых слабых: пажылых, хворых, а таксама дзяцей, якім не дазваляюць нарадзіцца”, - сказаў Папа, выказваючы падтрымку італьянскім біскупам у іх намаганнях, “накіраваных на падтрымку культуры жыцця як адказу на логіку адчужэння і зніжэнне колькасці насельніцтва”. “Кожна жыццё павінна быць абаронена заўсёды!”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што мы прызвычаіліся чытаць у СМІ розныя кепскія навіны пра здарэнні і забойствы. У гэтым кантэксце ён звярнуў увагу на дзве прыгожыя гісторыі. У першую чаргу Францішак узгадаў пра салідарнасць і згуртаванасць мараканскага народу ў спробе выратаваць пяцігадовага хлопчыка, які ўпаў у глыбокую студню. На жаль дзіця загінула, але людзі рабілі ўсё магчымае для яго ўратавання, - заўважыў Папа, выказваючы падзяку мараканцам за намаганні і сведчанне.

Іншая гісторыя, на якую звярнуў увагу Пантыфік, здарылася ў Італіі, дзе 25-гадовы мігрант з Ганы, пераадолеўшы шмат цяжкасцей, каб знасці працу і пачаць будаваць сваю будучыню, захварэў на рак і цяпер знаходзіцца на тэрмінальнай стадыі жыцця. Калі ў яго спыталі, чаго ён жадае больш за ўсё, хлопец адказаў: вярнуцца дадому, каб перад смерцю абняць свайго бацьку. Каб яго жаданне споўнілася жыхары італьянскага мястэчка Манферата арганізавалі збор сродкаў і набылі білет на самалёт для яго і для яго сябра, які будзе суправаджаць яго ў падарожжы. “Гэта паказвае нам, што сёння, пасярод шматлікіх кепскіх навін, існуюць прыгожыя рэчы, існуюць святыя па-суседству”, - падкрэсліў Францішак.
 

06 лютага 2022, 14:11