Пошук

Папа падчас аўдыенцыі для італьянскіх мэраў Папа падчас аўдыенцыі для італьянскіх мэраў 

Пантыфік да мэраў: спрыяць салідарнасці і ініцыятыўнасці гараджан

5 лютага 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Нацыянальнай асацыяцыі італьянскіх гарадскіх адміністрацый, выказваючы ім падзяку за намаганні, прыкладзеныя для барацьбы з пандэміяй.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак заўважыў, што многія людзі лічаць дэмакратыю ўсяго толькі дэлегаваннем свайго голасу, забываючы пра прынцып непасрэднага ўдзелу, які з’яўляецца неад’емным для добрага вырашэння супольных праблем. Многія жадаюць, каб усё вырашалі мэры, але цяжкасці немагчыма пераадолець выключна прыбягаючы да фінансавых рэсурсаў.

“Як важна мець магчымасць разлічваць на прысутнасць сетак салідарнасці, якія прадставяць у распараджэнне свае кампетэнцыі для іх вырашэння”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што пандэмія паказала не толькі ўразлівасць, але таксама велікадушнасць шматлікіх валанцёраў, суседзяў па дому, медыцынскіх работнікаў і кіраўнікоў, якія прысвячалі сябе клопату пра бедных і пажылых. “Гэта сетка салідарных адносін з’яўляецца багаццем, якое павінна быць захавана і ўмацавана”, - дадаў Папа.

Францішак заўважыў, што служэнне агульнаму дабру – гэта высокая форма любові, якую можна параўнаць з бацькоўскай ці мацярынскай. У гэтым кантэксце ён заклікаў мэраў не баяцца “губляць час”, слухаючы людзей, бо “уважлівае слуханне дапамагае распазнанню, разуменню прыярытэтных сітуацый, якія патрабуюць умяшання”.

Папа адзначыў, што для вырашэння праблем патрэбны таксама праект спрыяння грамадзянскаму суіснаванню і грамадзянскай адказнасці: неабходна інвеставаць у прыгажосць, дзе пануе заняпад; у адукацыю, дзе пераважаюць сацыяльныя праблемы; у месцы сацыяльнага ўзаемадзеяння, дзе назіраюцца гвалтоўныя рэакцыі; у навучанне законнасці, дзе пакуе карупцыя. “Трэба ўмець марыць пра лепшы горад” і дзяліцца сваімі марамі з іншымі, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў мець належную ўвагу да гарадскіх перыферый і бедных, якія “нагадваюць пра нашу ўразлівасць і пра тое, што мы патрабуем адзін аднаго”, а таксама заклікаюць да салідарнасці. Францішак заахвоціў забяспечыць бедных не толькі неабходным для жыцця: “іх годнасць патрабуе працы, а гэта значыць праекту, у якім кожны будзе цаніцца за тое, што можа даць іншым”. “Праца – гэта сапраўднае намашчэнне годнасцю!”, - дадаў Папа.

Францішак пажадаў таксама, каб намаганні мэраў былі скіраваны да будаванне грамадскага міру і бяспекі ў гарадах праз змяншэнне напружанасці паміж культурнымі і сацыяльнымі адметнасцямі; умацаванне дыялогу паміж культурамі; з’яднанне пакліканняў, кампетэнцый і рэсурсаў; падтрымку крэатыўнасці людзей; надзяленне іх адказнасцю ў духу субсідыярнасці, якая не забівае свабоду асабістай ініцыятывы.

“Дарагія браты і сёстры заклікаю вас заставацца блізкімі да людзей, бо спакусай перад абліччам адказнасці, з’яўляецца ўцяканне”, - сказаў Папа нагадваючы навучання святога Яна Хрызастома, які, разважаючы пра гэту спакусу, заклікаў прысвячаць сябе іншым, а не глядзяць абыякава на іх з вышыні.
 

05 лютага 2022, 12:14