Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа скіраваў пасланне на ХХХ Сусветны дзень хворага

“Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны (Лк 6,36). Трываць на шляху міласэрнасці побач з тымі, хто пакутуе” – тэма паслання Папы на ХХХ Сусветны дзень хворага, які будзе адзначацца 11 лютага 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

За трыццаць гадоў з часу ўстанаўлення Сусветнага дня хворага было зроблена шмат крокаў наперад “для скіравання ўвагі Божага Народу, каталіцкіх медыцынскіх структур і грамадзянскай супольнасці да хворых і тых, хто пра іх клапоціцца”. Тым не менш, трэба “яшчэ прайсці вялікі шлях, каб гарантаваць усім хворым, таксама ў месцах і сітуацыях найбольшай беднасці і маргіналізацыі, медыцынскую дапамогу, у якой яны маюць патрэбу, а таксама душпастырскае суправаджэнне, каб маглі перажываць час хваробы ў еднасці з укрыжаваным і ўваскрослым Хрыстом”, - гаворыцца ў пасланні Францішка, якое было абнародавана 4 студзеня 2022 года.

Святы Айцец зазначыў, што па прычыне пандэміі кульмінацыйная цэлебрацыя ХХХ Сусветнага дня хворага не зможа адбыцца ў перуанскім горадзе Арэкіпа, як планавалася раней, але пройдзе ў ватыканскай базыліцы св. Пятра. Ён пажадаў, каб гэты Дзень дапамог узрастаць у блізкасці і служэнні хворым асобам і іх сем’ям.

Папа заўважыў, што тэма сёлетняга Сусветнага дня хворага заклікае скіраваць позірк на Бога, “багатага на міласэрнасць” (Эф 2,4). Міласэрнасць з’яўляецца адначасова сілай і ласкавасцю, мае ў сабе “вымярэнне бацькоўства і мацярынства”, таму Бог “клапоціцца пра нас з моцай бацькі і ласкавасцю маці, заўсёды жадаючы адарыць нас новым жыццём у Святым Духу”.

Францішак падкрэсліў, што перажыванню хваробы нярэдка спадарожнічае ізаляванасць, трывога і страх. Ён узгадаў пра людзей, якія падчас пандэміі ў самотнасці правялі апошнія дні жыцця ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі, атрымліваючы дапамогу з боку велікадушных медработнікаў, але знаходзячыся далёка ад сваіх блізкіх і самых важных людзей свайго зямнога жыцця. У гэтай пустыні расквітнелі “сведкі Божай міласэрнасці”, людзі здольныя суцяшаць проста сваёй прысутнасцю, - дадаў Папа.

Святы Айцец звярнуўся да медыкаў і персанала бальніц, адзначаючы, што іх “служэнне побач з хворымі, якое выконваецца з любоўю і кампетэнтнасцю, выходзіць за межы прафесіі, каб станавіцца місіяй”. Рукі лекараў, якія дакранаюцца да “пакутуючага цела Хрыста” ў хворых, могуць стаць “знакам міласэрных рук Айца”. “Будзьце свядомыя вялікай годнасці вашай прафесіі, а таксама адказнасці, якую яна прадугледжвае”, - заклікаў Пантыфік.

Францішак пажадаў, каб нягледзячы на вялікія навуковыя і тэхналагічныя дасягненні ў лячэнні хвароб, медыкі ніколі не забывалі пра выключнасць кожнага хворага. “Хворы заўсёды важнейшы за яго хваробу, і таму тэрапеўтычны падыход павінен прадугледжваць увагу да пацыента, яго гісторыі, яго трывог і страхаў. Нават калі не магчыма аздаравіць, заўсёды можна агарнуць клопатам, заўсёды можна суцешыць...”, - напісаў Папа, заклікаючы да адмысловай падрыхтоўкі медыкаў у пытаннях адносін з пацыентамі.

Пантыфік нагадаў пра важнасць дзейнасці каталіцкіх медыцынскіх структур у розных частках свету, якія павінны быць “заездамі Добрага Самараніна” і месцамі пераканаўчага сведчання пра любоў Хрыста. Францішак заўважыў, што яшчэ трэба шмат зрабіць, каб доступ да медыцынскіх паслуг, у тым ліку да вакцын, не быў раскошай.

Святы Айцец падкрэсліў таксама неабходнасць душпастырскага клопату пра хворых. “Мы не можам забываць несці ім блізкасць Бога, Яго благаслаўленне, Яго слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў і прапанову шляху ўзрастання і сталення ў веры”, - напісаў Папа, заклікаючы ўсіх вернікаў адведаць хворых і пажылых людзей, а таксама маліцца за медыцынскіх работнікаў, каб, “багатыя на міласэрнасцю, неслі пацыентам, разам з належным клопатам, сваё братэрскую блізкасць”.

04 студзеня 2022, 12:51