Пошук

Пантыфік: пяшчота – гэта нешта большае за логіку свету

Без “рэвалюцыі пяшчоты” мы рызыкуем застацца зняволенымі ў рамках справядлівасці, якая не дае магчымасці падняцца і замяняе адкупленне пакараннем, - перакананы Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 19 студзеня 2022 года ў ватыканскай Зале Паўла VI, Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны святому Юзафу, паказваючы яго як пяшчотнага бацьку.

“Нават калі Евангеллі не паведамляюць нам дэталяў пра тое, як ён рэалізоўваў сваё бацькоўства, аднак, мы можам быць упэўненыя ў тым, што яго справядлівасць выяўлялася таксама і ў выхаванні, дадзеным Езусу. Юзаф бачыў, як Езус штодня “ўзрастаў у мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога і ў людзей” (Лк 2, 52). Як Пан у дачыненні да Ізраэля, так і ён паступаў з Езусам: “вучыў яго хадзіць, трымаючы за руку: быў для яго як айцец, які падносіць дзіця да шчакі, схіляецца над ім, каб накарміць яго (пар. Ос 11, 3-4; Patris corde, 2)”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што Езус заўсёды выкарыстоўваў слова “айцец”, калі казаў пра Бога і Яго любоў. Бацькоўская постаць была таксама галоўнай дзеючай асобай многіх Яго прыпавесцей, з якіх самай вядомай безумоўна з’яўляецца прыпавесць пра міласэрнага Айца, пераказаная евангелістам Лукой. “Менавіта ў гэтай прыпавесці, акрамя досведу граху і прабачэння, падкрэсліваецца таксама і тое, якім чынам прабачэнне дасягае чалавека, што памыліўся”, - сказаў Папа, нагадваючы евангельскія словы: “А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго” (Лк 15,20).

“Сын чакаў пакарання, справядлівасці, згодна з якой у найлепшым выпадку ён бы мог заняць месца аднаго са слуг, але ён апынуўся ў абдымках бацькі. Пяшчота – гэта нешта большае за логіку свету. Гэта нечаканы спосаб спаўнення справядлівасці. Вось чаму мы ніколі не павінны забываць, што Бог не баіцца нашых грахоў... Бог не баіцца нашых памылак, нашых падзенняў, але баіцца закрытасці нашага сэрца, недахопу нашай веры ў Яго любоў. У досведзе Божай любові прысутнічае вялікая пяшчота. Як цудоўна думаць, што першым пазнаёміў Езуса з гэтай рэальнасцю менавіта Юзаф. Сапраўды, тое, што Божае, заўсёды дасягае нас праз пасярэдніцтва чалавечага досведу”, - сказаў Папа.

Францішак прапанаваў вернікам задумацца: ці сустракаліся яны з досведам такой пяшчоты, ці сталі яе сведкамі? Пяшчота не з’яўляецца ў першую чаргу пытаннем эмоцый ці пачуццяў: гэта досвед “адчування таго, што нас любяць і прымаюць менавіта ў нашай беднасці і мізэрнасці”, - патлумачыў ён.

“Бог давярае не толькі нашым талентам, але таксама і нашай адкупленай слабасці”, - сцвердзіў Пантыфік, нагадваючы словы апостала Паўла пра тое, што “моц удасканальваецца ў слабасці”, і падкрэсліваючы, што таксама і адносна нашай уразлівасці існуе Божая задума. “Пяшчота – найлепшы спосаб дакрануцца да таго, што ў нас слабое. Таму важна сустрэцца з Божай міласэрнасцю, асабліва ў сакрамэнце пакаяння і асабістай малітве да Бога, і спазнаць праўду ды пяшчоту”, - сказаў ён.

Пантыфік заклікаў вернікаў спытацца ў сябе: ці дазваляем Пану любіць нас з уласцівай Яму пяшчотай, якая перамяняе кожнага з нас у людзей, здольных любіць такім самым чынам? “Без такой “рэвалюцыі пяшчоты” мы рызыкуем застацца зняволенымі ў рамках справядлівасці, якая не дае магчымасці падняцца і якая замяняе адкупленне пакараннем. Таму, сёння хачу ўзгадаць асаблівым чынам нашых братоў і сясцёр, якія знаходзяцца ў турмах. Гэта справядліва, калі чалавек, які памыліўся, расплачваецца за сваю памылку, але яшчэ больш справядліва, калі той, хто памыліўся, мае магчымасць выправіць уласную памылку. Не павінна быць прысудаў, якія пазбаўляюць акна надзеі”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа завяршыў катэхезу малітвай, просячы святога Юзафа, каб навучыў нас “не ставіць перашкод паміж нашай беднасцю і велічу Божай любові”, каб абудзіў прагненне прыступіць да споведзі, быць здольнымі з пяшчотай любіць братоў і сясцёр і мець магчымасць пачаць жыццё спачатку, папрасіўшы прабачэння за памылкі.
 

19 студзеня 2022, 10:53

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >