Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: евангельскія мудрацы вучаць мужнай і крэатыўнай веры

Бог узвышае жаданні чалавека, ачышчае іх ад эгаізму, аздараўляе і адкрывае для любові, - сказаў Папа падчас святой Імшы ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пілігрымка трох мудрацоў – гэты прыклад для кожнага верніка: мы пакліканы ісці да Езуса, бо Ён асвятляе неба жыцця і накіроўвае нас да сапраўднай радасці, - заўважыў Папа ў гаміліі падчас літургіі, якая адбылася раніцай 6 студзеня 2022 года ў ватыканскай базыліцы святога Пятра.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што евангельскія мудрацы былі забяспечанымі і вучонымі людзьмі, яны мелі ўсё, каб спакойна заставацца на месцы, але, тым не менш, узялі на сябе цяжар падарожжа за святлом зоркі ў далёкі Бэтлеем. “Іх вочы былі скіраваны не да зямлі, а да нябёсаў”, - дадаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што гаворка ідзе пра людзей, якія шукалі Бога.

Святы Айцец зазначыў, што мудрацамі кіравала неўтаймаванае жаданне, якое Бог уклаў у сэрца ўсіх людзей і якое падштурхоўвае выходзіць за межы бачнага, прывычнага жыцця, згладжанага спажывальніцтвам, за межы манатоннай і стомленай веры. Унутранае памкненне натхняе хрысціян і ўвесь Касцёл рызыкаваць і прысвячаць сябе іншым і дабру, - дадаў ён.

“Крызіс веры ў нашым жыцці і ў нашым грамадстве таксама звязаны са знікненнем імкнення да Бога”, - падкрэсліў Францішак, дадаючы, што духоўная летаргія прымушае задавольвацца будзённасцю і “не задавацца пытаннем пра тое, чаго ад нас жадае Бог”.

Папа папярэдзіў, што адсутнасць жаданняў вядзе да смутку і абыякавасці, таму важна заўсёды пытацца ў сябе пра тое, як развіваецца наша вера: ці наша сэрца ўсё яшчэ кіруецца імкненнем да Бога? Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана мы пакліканы вучыцца ў “школе жаданняў” у трох евангельскіх мудрацоў: яны вучаць, што вера – гэта няспыннае і захапляльнае падарожжа, вучаць задаваць пытанні, якія паходзяць з сэрца і сумлення, дзяліцца сумневамі і спадзяваннямі. Кідаючы выклік Іраду, мудрацы вучаць мужнай, прароцкай веры, якая не баіцца супрацьстаяць логіцы ўлады, што сее смерць, якая забівае бедных і нявінных. Вяртаючыся дамоў, яны выбралі іншы шлях, чым вучаць нас крэатыўнасці, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што кульмінацыяй падарожжа мудрацоў стала пакланенне Дзіцятку Езусу. “Толькі Езус аздараўляе нашы жаданні” ад дыктатуры патрэбаў, - падкрэсліў Папа, дадаючы, што сэрца пачынае хварэць, калі жаданні чалавека супадаюць толькі з яго патрэбамі.

Пан жа, узвышае жаданні чалавека, ачышчае ад эгаізму, аздараўляе іх і адкрывае для любові да Бога і братоў, - сказаў Пантыфік, заклікаючы вернікаў не забываць пра важнасць удзелу ў эўхарыстычнай адарацыі, неабходнай для таго, каб Езус перамяніў нас. На падабенства трох мудрацоў, “давайце будзем упэўнены ў тым, што нават у самыя цёмныя ночы ззяе зорка Езуса, Які прыходзіць, каб паклапаціцца пра наша кволае чалавецтва”, давайце пойдзем да Яго: свет чакае ад вернікаў новага імкнення да нябёсаў, - сказаў на завяршэнне гаміліі Святы Айцец.
 

06 студзеня 2022, 10:46