Пошук

Папа падчас Нешпараў на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян Папа падчас Нешпараў на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян 

Святы Айцец: мець мужнасць, каб змяніць шлях і ісці да еднасці

25 студзеня 2022 года Францішак узначаліў Нешпары на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, якія прайшлі ў рымскай базыліцы святога Паўла за мурамі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Адкажам на гарачае жаданне Езуса, які прагне, “каб усе былі адно”, і з дапамогай Яго ласкі будзем ісці да поўнай еднасці”, - заклікаў Папа ў сваёй гаміліі, вітаючы ўдзельнікаў набажэнства, сярод якіх былі дэлегаты розных Цэркваў і рэлігійных супольнасцей: Мітрапаліт Палікарпас, прадстаўнік Канстантынопальскага Патрыярхату, епіскап Ян Эрнэст, прадстаўнік архіепіскапа Кентэрберыйскага ў Рыме, студэнты і святары, у тым ліку праваслаўныя, якія вучацца ў Рыме, дзякуючы фінансавай падтрымцы Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Францішак нагадаў, што тэма сёлетняга Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян адсылае да досведу трох евангельскіх мудрацоў, якія вырушылі з Усходу, прайшлі праз Ерузалем і дасягнулі Бэтлеема. Мудрацы прыйшлі з Усходу, “дзе ўзыходзіць сонца, але пайшлі шукаць больш вялікае святло”, яны “не задавальняліся сваімі ведамі і традыцыямі, а жадалі большага”, таму здзейснілі рызыкоўнае падарожжа, углядаючыся ў зорку Езуса, - падкрэсліў Папа.

“Давайце будзем ісці за Ім, за Яго Евангеллем, за Яго заклікам да еднасці, не турбуючыся пра тое, наколькі доўгім і складаным будзе падарожжа, каб цалкам дасягнуць яе”, - дадаў ён, заклікаючы таксама ўглядацца на экуменічным шляху ў сведчанне мучанікаў, якія аддалі жыццё за веру.

Шлях евангельскіх мудрацоў пралягаў праз Ерузалем, дзе яны сустрэлі “супраціў цёмных сіл свету”: не толькі Ірад адчуў пагрозу з боку навіны пра валадаранне, адрознае ад сапсутасці зямной улады, але таксама і ўвесь Ерузалем занепакоіліся разам з ім, калі пачулі пасланне мудрацоў.

Папа падкрэсліў, што страх перад нечым новым можа паралізаваць хрысціян, але Уваскрослы Пан жадае вызваліць ад Яго, прагне, каб “мы давяралі адзін аднаму і крочылі разам, нягледзячы на нашы слабасці і нашы грахі, нягледзячы на памылкі мінулага і ўзаемныя раны”. Пантыфік нагадаў таксама, што шлях да Бэтлеему мудрацы знайшлі не толькі дзякуючы зорцы, але і Святому Пісанню. У сувязі з гэтым ён заклікаў маліцца і супольна разважаць над Божым словам і дзякуючы яму наблізіцца да Пана і братоў.

Францішак заўважыў, што па прыбыцці ў Бэтлеем мудрацы ўпалі і пакланіліся Езусу. “Таксама і для нас поўная еднасць, у адным доме, не можа быць дасягнута без пакланення Пану”, - дадаў ён, падкрэсліваючы патрэбу ў гарачай малітве і мужнасці пакоры.

Папа заклікаў хрысціян, па прыкладзе мудрацоў, ахвяраваць свае дары, якія Святы Дух прызначыў для агульнага дабра і адзінства свайго народа. “Дары мудрацоў сімвалізуюць тое, што Пан хоча атрымаць ад нас, Богу трэба даць золата, самы каштоўны элемент: гэта значыць трэба даць Яму першае месца. Менавіта на Яго трэба глядзець, а не на сябе; на Яго волю, а не нашу; на Яго шляхі, а не нашы. Калі Пан будзе па-сапраўднаму на першым месцы, тады нашы рашэнні, у тым ліку царкоўныя, не змогуць больш грунтавацца на сусветнай палітыцы, а на жаданнях Бога”, - сказаў Пантыфік. Ён заўважыў, што ладан, у сваю чаргу, сімвалізуе патрэбу ва ўзаемнай і супольнай малітве, а міра заклікае “клапаціцца пра цела Пана, якое церпіць”, служачы бедным і пакутуючым.

Напрыканцы гаміліі Пантыфік памаліўся, каб хрысціяне наследавалі прыклад трох мудрацоў і святога Паўла. "Мы павінны змяніць нашы шляхі, змяніць рух нашых звычак і выгод, каб знайсці шлях, які паказвае Пан, шлях пакоры, братэрства і пакланення. Дай нам, Пане, адвагу, каб змяніць нашы шляхі, навярнуцца, выконваць Тваю волю, а не тое, што выгодна нам; каб разам ішлі наперад, да Цябе, што разам з Тваім Духам хочаш зрабіць з нас адно”, - завяршыў гамілію Папа.

25 студзеня 2022, 18:24