Пошук

Францішак падчас Імшы ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі Францішак падчас Імшы ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі 

Францішак: шкодзіць жанчыне – гэта абраза Бога

Падчас святой Імшы, якую Папа ўзначаліў у ватыканскай базыліцы 1 студзеня 2022 года, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, прагучаў заклік будаваць братэрскія сувязі і абараняць жанчын.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На пачатку Францішак спаслаўся на сцэну Божага Нараджэння, падкрэсліўшы, што яна выражае блізкасць Бога. Ён адзначыў, што для Марыі гэта быў “скандал ясляў”. Бо як можна паяднаць славу Усявышняга і беднасць стайні? Яна, аднак, не папракала і ўсё гэта захоўвала, “разважаючы ў сэрцы сваім” (Лк 2, 19).

“Медытатыўнае стаўленне Марыі з’яўляецца выразам сталай, дарослай веры”, - адзначыў Папа, дадаўшы, што яшчэ адной рысай веры Багародзіцы стала яе “генератыўнасць” – здольнасць нараджаць новае жыццё.

Святы Айцец заахвоціў браць прыклад з веры Марыі, таму што кожны перажывае балючы канфлікт паміж чаканнямі і рэчаіснасцю, але насамрэч гэта складаны працэс, які вядзе да нараджэння больш сталай веры. Ён адзначыў, што вернікі павінны паводзіць сябе ў такіх сітуацыях, як Марыя.

Папа заахвоціў наследаваць Маці Божую і ператварыць нягоды ў магчымасці для адраджэння і развіцця. “Нам патрэбны людзі, якія ўмеюць ткаць ніткі камуніі, якія супрацьстаяць занадта вялікай колькасці калючага дроту падзелаў”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў ролю маці і жанчыны ў сучасным свеце. Яны, успрымаючы рэчаіснасць сэрцам, могуць спалучаць мары і канкрэтнасць, пазбягаючы скажэнняў стэрыльнага прагматызму і абстракцыі. “У той час як маці даюць жыццё, а жанчыны абараняюць свет, давайце ўсе мы будзем працаваць, каб спрыяць маці і абараняць жанчын. Колькі насілля над жанчынамі! Хопіць гэтага! Шкодзіць жанчыне – гэта абраза Бога, Які ўзяў ад жанчыны сваю чалавечнасць”, - адзначыў Францішак.
 

01 студзеня 2022, 11:35