Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад зацвердзіў абрад устанаўлення на паслугу катэхета

З 1 студзеня 2022 г. у Каталіцкім Касцёле пачне здзяйсняцца спецыяльны абрад устанаўлення на паслугу катэхета. Яго тэкст быў падрыхтаваны Кангрэгацыяй Божага культу і Дысцыпліны сакрамэнтаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

13 снежня 2021 г. пабачыла свет Editio typica (узорнае выданне) Абраду ўстанаўлення на паслугу катэхета. Францішак афіцыйна ўстанавіў гэта служэнне ў Касцёле Апостальскім лістом Antiquum ministerium ад 10 мая 2021 г., вызначаючы яго як неадкладную неабходнасць для евангелізацыі ў сучасным свеце.

Тэкст абраду быў апублікаваны на лацінскай мове. Яго пераклад і адаптацыя знаходзіцца ў кампетэнцыі паасобных епіскапатаў свету. Абрад можа здзяйсняцца падчас св. Імшы ці цэлебрацыі Літургіі слова і прадугледжвае дакладны парадак: настаўленне, заклік да малітвы, тэкст благаслаўлення і ўручэнне распяцця.

Разам з тэкстам абраду быў абнародаваны ліст арцыбіскупа Артура Рошэ, прэфекта Кангрэгацыі па справах Божага культу і Дысцыпліны сакрамэнтаў, адрасаваны старшыням Біскупскіх Канферэнцый, у якім прапануюцца некаторыя заўвагі адносна паслугі катэхета.

Тлумачыцца, што гаворка ідзе пра “пастаянную паслугу ў мясцовым Касцёле”, у першую чаргу “свецкую”, у аснове якой знаходзіцца “агульны стан ахрышчаных”. Таму служэнне катэхета “фундаментальна адрозніваецца” ад служэння пасвячаных служыцелей. “У сілу хросту” катэхеты пакліканы быць “суадказнымі ў мясцовым Касцёле за абвяшчэнне і перадачу веры, выконваючы гэта заданне ў супрацоўніцтве з пасвячанымі служыцелямі і пад іх кіраўніцтвам”, - гаворыцца ў тлумачальным лісце ватыканскага іерарха.

Адзначаецца, што існуе дзе галоўныя формы выканання паслугі катэхета: першая тычыцца выключна катэхізацыі, другая прадугледжвае таксама ўдзел у розных формах апостальства, такіх як кіраванне супольнай малітвай; дапамога хворым; правядзенне пахаванняў; фармацыя іншых катэхетаў; каардынацыя душпастырскіх ініцыятыў; дапамога бедным.

У сілу таго, што служэнне катэхета мае вялікую каштоўнасць з пункту гледжання паклікання, патрабуецца належная праніклівасць з боку біскупа, бо не ўсе асобы, якіх называюць “катэхетамі”, ці якія выконваюць служэнне душпастырскага супрацоўніцтва, павінны прызначацца на паслугу. У прыватнасці гэта тычыцца: кандыдатаў на дыяканат і святарства; законнікаў і законніц, нават калі яны прыналежаць да інтытутаў, якія маюць катэхізацыю ў якасці харызмату; настаўнікаў рэлігіі ў школах і тых, хто выконвае служэнне, скіраванае выключна да асобаў, што прыналежаць да касцёльных рухаў, якім гэта “каштоўнае” заданне даручае кіраўнік руху, а не біскуп.

Асобы, якія суправаджаюць моладзь і дарослых на шляху хрысціянскай ініцыяцыі не павінны прызначацца на паслугу катэхета, але павінны атрымліваць на пачатку кожнага катэхетычнага года “публічны касцёльны мандат” на выкананне гэтага задання.

13 снежня 2021, 13:10