Пошук

Навагрудскія мучаніцы-назарэтанкі. Ілюстрацыйнае фота Навагрудскія мучаніцы-назарэтанкі. Ілюстрацыйнае фота 

Папа ўхваліў дэкрэт аб гераічнасці цнот ацалелай назарэтанкі з Навагрудка

Папа ўхваліў дэкрэты Кангрэгацыі па справах кананізацыі. Адзін з іх тычыцца прызнання гераічнасці цнот с. Малгажаты Банась – адзінай ацалелай падчас Другой сусветнай вайны назарэтанкі з навагрудскай супольнасці.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сястра Марыя Малгажата ад Сэрца Езуса ў Агоніі ў Гетсэманскім садзе (свецкае імя Людвіка Банась) нарадзілася 10 красавіка 1896 г. у Клечы Дольнай каля Вадавіцаў. 15 сакавіка 1917 г. уступіла ў Супольнасць Сясцёр Святой Сям’і з Назарэта. Выконвала звычайныя паслугі ў розных законных дамах: у Вадавіцах, Стрыі, Кракаве, Гродне, Варшаве.

У 1934 годзе была накіравана ў Навагрудак. У часе Другой сусветнай вайны, у 1939-1943 гадах, працавала ў мясцовым шпіталі. Як адзіная сярод дванаццаці сясцёр назарэтанак пазбегла арышту і расстрэлу гітлераўцамі 1 жніўня 1943 г. Сястра Марыя Малгажата адшукала ў лесе месца забойства сясцёр, прысутнічала пры іх эксгумацыі і перазахаванні пры наваградскай фары.

Сваё ацаленне зразумела як знак волі Божай , як знак таго, што яна павінна застацца ў Наваградку, каб апекавацца наваградскім фарным касцёлам і дапамагаць мясцовым вернікам, падтрымліваць у іх сэрцах дух каталіцкай веры.

Наваградцы называлі сястру Малгажату "ахоўніцаю табэрнакулюма". Яна збірала вернікаў на малітву, упрыгожвала алтары, а калі не было святара, кіравала набажэнствамі. Сястра Малгажата арганізоўвала духоўную і матэрыяльную дапамогу для святароў і свецкіх, сасланых у Сібір. Жыла ў цяжкіх умовах у закрыстыі фарнага касцёла, нястомна малілася і працавала. Памерла 26 красавіка 1966 года ў Наваградку. Пахавана на мясцовых могілках.

Папа ўхваліў таксама дэкрэты аб прызнанні цудаў, здзейсненых праз заступніцтва французскай законніцы, бл. Мары Рыўе (1768-1838), заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Ахвяравання Марыі; і бл. Марыі Каролы Чэкін (1877-1925), італьянскай законніцы з кангрэгацыі Сясцёр св. Юзафа Бэнэдыкта Каталенгі.

Яшчэ тры дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнот датычаць Слугаў Божых: Андрэа Гарыда Пералеса (1663-1728), іспанскага законніка з Ордэна Найсвяцейшай Панны Марыі з Мэрсэды; італьянскага капуцына Карла Марыі з Аб’ятэграса (1825-1859); італьянскага місіянера-камбаніяніна Бэрнарда Сардоці (1897-1983).

13 снежня 2021, 14:29