Пошук

Францішак падчас сустрэчы з грэчаскімі езуітамі ў Афінах Францішак падчас сустрэчы з грэчаскімі езуітамі ў Афінах 

Пантыфік да езуітаў: змяншэнне пакліканняў умацоўвае пакору

Святы Айцец заклікаў грэчаскіх езуітаў заставацца руплівымі, пакорнымі і крэатыўнымі ў Богу перад абліччам крызісу пакліканняў, які перажываюць многія манаскія супольнасці.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

16 снежня 2021 года на старонках італьянскага езуіцкага часопіса La Civiltà Cattolica быў апублікаваны тэкст прыватнай размовы Папы з членамі Таварыства Езуса, якая адбылася ў Апостальскай нунцыятуры ў Афінах падчас яго нядаўняга візіту ў Грэцыю.

Езуіты з Паўднёвай Карэі, Польшчы, Бельгіі і іншых краін, якія нясуць служэнне ў Грэцыі, маглі распавесці Францішку пра свае праблемы і спадзяванні. У прыватнасці гаворка ішла пра змяншэнне колькасці пакліканняў: раней езуітаў у Грэцыі было шмат, яны маглі рабіць вялікі ўнёсак у жыццё краіны на культурным і інтэлектуальным узроўні, а цяпер гэта стала рабіць значна цяжэй.

Папа заўважыў, што калі толькі пачынаў свой шлях у Ордэне, у свеце налічвалася каля 33 тысяч езуітаў: цяпер каля паловы ад гэтай колькасці. “І нас будзе станавіцца ўсё менш і менш”, - дадаў ён, падкрэсліваючы, што праблема тычыцца многіх манаскіх супольнасцей.

Пантыфік нагадаў, што “пакліканні пасылае Пан”, а змяншэнне іх колькасці з’яўляецца “ўрокам для манаскага жыцця”. У езуітаў гэта павінна ўмацаваць пакору. “Крызіс пакліканняў для езуіта не можа заставацца на ўзроўні сацыялагічнага тлумачэння”, якое паказвае толькі “палову праўды”. Больш глыбокая праўда заключаецца ў тым, што праз скарачэнне колькасці пакліканняў Пан вядзе да “трэцяй ступені пакоры”, адзінай, якая з’яўляецца найбольш плённай і дасканалай, - сказаў Папа, спасылаючыся на Духоўныя практыкаванні святога Ігнацыя Лаёлы. “Мы павінны прызвычаіцца да пакоры”, - дадаў Францішак.

Святы Айцец заклікаў сваіх сабратаў даваць сведчанне наследавання Езуса Хрыста, сеяць радасць, служыць людзям у канкрэтным жыцці, заставацца вернымі крыжу і крэатыўнымі ў Богу, а самае галоўнае – ніколі не забываць, што ў цэнтры жыцця павінна знаходзіцца малітва.
 

16 снежня 2021, 12:50