Пошук

Францішак: святы Юзаф адказвае на страх мужнасцю

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 29 снежня 2021 года, Святы Айцец заахвоціў вернікаў рэагаваць на нягоды не агрэсіўнымі настроямі, а даверам Божаму Провіду.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Асаблівым чынам Папа заклікаў да малітвы за мігрантаў і людзей, якіх пераследуюць. Ён заўважыў, што святы Юзаф падчас уцёкаў у Егіпет быў па-сапраўднаму адважным мігрантам.

Францішак нагадаў, што прычынай, якая вымусіла Святую Сям’ю пакінуць Радзіму, сталі ганарыстасць і насілле Ірада, які бачыў у нараджэнні Езуса пагрозу для сваёй улады. Менавіта таму ён загадаў забіць усіх хлопчыкаў у Бэтлееме ва ўзросце да двух гадоў. Папа падкрэсліў, што і сёння прычынай міграцыі амаль заўсёды з'яўляюцца фанабэрыстасць і гвалт моцных гэтага свету.

Святы Айцец звярнуў увагу на лютасць Ірада, з якой ён супрацьстаяў клопату і мужнасці Юзафа. Ірад абараняў сваю ўладу з бязлітаснай жорсткасцю. Папа адзначыў, што кожны можа стаць ахвярай такога падыходу, калі спрабуе развеяць свае страхі ганарыстасцю.

Юзаф, у першую чаргу, – чалавек справядлівы (Мц 1, 19), больш за тое, ён дэманструе сапраўдную адвагу ў выкананні загаду анёла ўцякаць у Егіпет, каб выратаваць Езуса і яго маці. Францішак нагадаў, што адвага з’яўляецца неабходнай цнотай не толькі ў выключныя моманты, але і кожны дзень. “Мужнасць – гэта сінонім адвагі, якая разам са справядлівасцю, разважлівасцю і ўстрыманасцю належыць да групы чалавечых цнотаў, вядомых як кардынальныя”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Святы Абраннік вучыць нас, што “жыццё заўсёды звязана з нягодамі, і перад імі мы можам адчуваць пагрозу і страх, але, сутыкнуўшыся з такімі падзеямі, не выяўляць горшага, што ёсць у нас, як гэта зрабіў Ірад, паводзіць сябе як Юзаф, які рэагуе на страх мужнасцю, давяраючы сябе Божаму Провіду”, - заўважыў Пантыфік.

Папа заклікаў да малітвы за ўсіх мігрантаў, за ўсіх, каго пераследуюць, хто стаў ахвярай неспрыяльных умоў, гістарычных, палітычных ці асабістых абставін. “Давайце падумаем пра многіх людзей, якія сталі ахвярамі войнаў і жадаюць уцячы з сваёй Радзімы. Давайце падумаем пра мігрантаў, якія пачынаюць свой шлях да свабоды, многія з якіх застаюцца на дарозе ці ў моры. Давайце падумаем пра Езуса, Які ўцякае на руках Юзафа і Марыі, і ўбачым у Ім кожнага з мігрантаў сённяшняга дня”, - звярнуўся да сваіх слухачоў Францішак.

Святы Айцец лічыць, што “сёння міграцыя – гэта рэчаіснасць, перад якой мы не можам заплюшчыць вочы”. Ён назваў феномен “грамадскім скандалам чалавецтва”.

Папа завяршыў сваю катэхезу малітвай да святога Юзафа за ўсіх мігрантаў, усіх, каго пераследуюць, і ўсіх тых, хто стаў ахвярай неспрыяльных абставін і адчувае сябе з гэтай прычыны знясіленым і пакінутым.
 

29 снежня 2021, 10:14

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >