Святы Айцец: любоў – галоўнае правіла братэрскага настаўлення

Каб крочыць шляхам Духа трэба стварыць месца для Божай ласкі і міласэрнай любові, - нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 3 лістапада 2021 г. прайшла ў Зале Паўла VI у Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У катэхезе Францішак пракаментаваў заклік “паступаць паводле Святога Духа”, які апостал Павел скіроўваў да галатаў (Гал 5, 16.25). Папа падкрэсліў, што верыць у Езуса значыць ісці за Ім па прыкладзе першых вучняў, а таксама пазбягаць адваротнага шляху, якім з’яўляецца шлях эгаізму і пошуку ўласнай выгады, названы апосталам “жаданнямі цела”.

“Дух з’яўляецца кіраўніком на гэтым Хрыстовым шляху, шляху цудоўным, але складаным, які пачынаецца з хростам і працягваецца ўсё жыццё. Падумаем пра доўгую вандроўку ў гарах: яна выклікае захапленне, яе мэта прываблівае, але патрабуе вялікіх высілкаў і вытрываласці”, - дадаў Пантыфік.

Гэты вобраз, паводле Францішка, дапамагае зразумець сутнасць закліку апостала Паўла, які ўказвае на дзеянне, рух, дынамізм, што не дае спыніцца перад першымі цяжкасцямі, але прымушае даверыцца “сіле, што паходзіць звыш”. “Праходзячы гэтым шляхам, хрысціянін набывае станоўчае бачанне жыцця. Гэта не азначае, што зло, прысутнае ў свеце, нібыта знікае, што становіцца менш кепскіх імпульсаў эгаізму ці пыхі. У першую чаргу, гэта азначае веру ў тое, што Бог заўсёды мацнейшы за наш супраціў і большы за нашы грахі”, - сказаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што Павел заўсёды ставіў сябе на той самы ўзровень, што і адрасаты яго паслання. Ён адчуваў, што і сам яшчэ не дасягнуў мэты, “вяршыні гары”. “Апостал не ставіў сябе вышэй за сваю супольнасць, але станавіўся на той самы шлях, што і ўсе, каб даць канкрэтны прыклад таго, наколькі трэба быць паслухмяным Богу, заўсёды больш і лепш адпавядаючы кіраўніцтву Святога Духа”, - сцвердзіў ён, падкрэсліваючы, што заклік “паступаць паводле Духа” тычыцца таксама супольнасці.

“Насамрэч, будаваць супольнасць, ідучы шляхам, указаным апосталам, захапляльна, але складана. “Жаданні цела” – гэта значыць зайздрасць, забабоны, крывадушнасць, крыўды – працягваюць нагадваць пра сябе, таму зварот да суровасці прадпісанняў можа стаць лёгкай спакусай. Але, робячы так, мы сыдзем са сцяжынкі свабоды, і замест таго, каб уздымацца на вяршыню, будзем вяртацца ўніз. Каб крочыць шляхам Духа, у першую чаргу трэба стварыць месца для ласкі і міласэрнай любові”, - падкрэсліў Святы Айцец, нагадваючы, што Павел заклікаў галатаў быць лагоднымі да тых, хто памыляецца, настаўляючы іх з далікатнасцю, “зважаючы на саміх сябе, каб і самім не ўпасці”, і носячы “цяжары адзін аднаго”.

На думку Святога Айца, калі мы адчуваем спакусу асуджэння іншых, “што часта здараецца”, неабходна “паразважаць пра нашу ўласную слабасць”. “Карысна спытацца ў сабе пра тое, чым мы кіруемся, калі хочам настаўляць брата ці сястру, і ці не з’яўляемся мы пэўным чынам суадказнымі за яго памылку. Святы Дух, акрамя таго, што адорвае нас дарам лагоднасці, заклікае нас да салідарнасці, заклікае несці цяжар іншых”, - сказаў Папа. “Найвышэйшым правілам братэрскага настаўлення з’яўляецца любоў: жаданне дабра нашым братам і сёстрам”, - дадаў Пантыфік і заклікаў крочыць з радасцю і цярплівасцю па гэтым шляху, дазваляючы Святому Духу весці па ім.
 

03 лістапада 2021, 10:32

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >