Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: не адварочваць вачэй ад ахвяр грамадства адчужэння

Хрысціяне пакліканы быць людзьмі, якія дзейнічаюць: дзеляцца хлебам з галоднымі, працуюць на карысць справядлівасці, уздымаюць бедных і вяртаюць ім годнасць, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

14 лістапада 2021 г. Францішак узначаліў св. Імшу з нагоды V Сусветнага дня бедных. Урачыстая эўхарыстычная літургія прайшла ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане. У ёй бралі ўдзел каля 2 тыс. беднякоў з розных краін свету, якіх суправаджалі валанцёры шматлікіх дабрачынных арганізацый.

“Мы знаходзімся ўсярэдзіне гісторыі, пазначанай узрушэннямі, насіллем, пакутамі і несправядлівасцю”, таму Сусветны дзень бедных заклікае нас не “адварочваць вачэй” ад людзей у патрэбе, “не баяцца зблізку паглядзець на пакуты самых слабых”, жыццё якіх азмрочана самотнасцю, адчаем па прычыне галечы, у якой яны апынуліся, стаўшы “ахвярамі несправядлівасці і няроўнасці грамадства адчужэння, якое хутка бяжыць, не заўважаючы іх і бессумленна пакідаючы іх на свой уласны лёс”, - сказаў у гаміліі Святы Айцец.

Папа заўважыў, што Езус хоча “адкрыць людзей на надзею, хоча вызваліць іх ад трывогі і страху”, дапамагаючы ўжо зараз “прарасці будучыні збаўлення”. Каб гэта стала магчыма хрысціяне пакліканы падтрымліваць надзею на заўтрашні дзень, аздараўляючы раны дня сённяшняга. Евангельская надзея патрабуе не пасіўнага чакання, але спаўнення Божага абяцання збаўлення ўжо зараз, сёння, кожны дзень, - дадаў ён.

“Хрысціянская надзея – гэта не наіўны аптымізм таго, хто спадзяецца, што ўсё зменіцца, і ў той жа час працягвае займацца ўласным жыццём. Яна заключаецца ў штодзённым будаванні праз канкрэтныя жэсты Валадарства любові, справядлівасці і братэрства, якому даў пачатак Езус. Ад нас патрабуецца гэта: быць між штодзённых руін свету нястомнымі стваральнікамі надзеі; быць святлом у час сонечнага зацьмення; быць сведкамі спачування, калі навокал пануе няўважлівасць; быць паслужлівай прысутнасцю між распаўсюджанага раўнадушша”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што хрысціяне пакліканы арганізаваць надзею, напоўніць ёй канкрэтнае штодзённае жыццё, адносіны паміж людзьмі, грамадскую і палітычную дзейнасць.

“Ёсць вобраз надзеі, які Езус дае нам сёння. Ён адначасова просты і паказальны: гэта вобраз лісця смакоўніцы, якое прарастае бясшумна, паказваючы, што ўжо блізка лета. Езус падкрэслівае, што гэтае лісце з’яўляецца, калі галінка становіцца мяккай. Браты, сёстры, вось слова, якое дапамагае прарасці надзеі ў свеце і супакойвае боль бедных: мяккасць. Мы павінны перамагчы закрытасць, унутраную закамянеласць (...), спакусу займацца выключна нашымі праблемамі, каб змякчыцца перад абліччам трагедый свету, каб раздзяліць боль. Як лісце дрэва, мы пакліканы ўвабраць у сабе забруджанасць, што нас акружае, і перамяніць яе ў дабро: не трэба казаць пра праблемы, палемізаваць, абурацца – гэта ўмеем рабіць мы ўсе –; трэба наследаваць прыклад лісця, якое кожны дзень непрыкметна змяняе забруджанае паветра ў чыстае. Езус хоча, каб мы былі “канвертарамі ў дабро”: людзьмі, якія, будучы пагружанымі ў цяжкае паветра, якое ўдыхаюць усе, адказваюць на зло дабром; людзьмі, якія дзейнічаюць: дзеляцца хлебам з галоднымі, працуюць на карысць справядлівасці, уздымаюць бедных і вяртаюць ім годнасць, як рабіў Добры Самаранін”, - сказаў Папа.

“Прыгожым, евангельскім і маладым ёсць Касцёл, які вырушае ў дарогу і, як Езус, абвяшчае добрую вестку бедным (...). Гэта прароцкі Касцёл, які праз сваю прысутнасць кажа разгубленых сэрцам і адчужаных светам: “Адважней, Пан – блізка, таксама і для цябе наступіць лета пасярод зімы. Таксама з твайго болю можа нарадзіцца надзея”. Будзем несці гэты позірк надзеі ў свет. Будзем несці яго праз мяккасць да бедных, праз спагаду, не асуджаючы іх, бо побач з імі прысутнічае Езус; бо ў іх прысутнічае Езус, які чакае нас”, - завяршыў гамілію Францішак.
 

14 лістапада 2021, 10:48