Падчас аўдыенцыі для Супрацоўніц місіянерак-аблатак Беззаганнай Падчас аўдыенцыі для Супрацоўніц місіянерак-аблатак Беззаганнай 

Папа пра асаблівасць паклікання свецкіх кансэкраваных асоб

Папа заўважыў, што кансэкраваныя асобы павінны з пакорай і адвагай рабіць свой улад у гісторыю збаўлення менавіта там, “дзе людзі пакутуюць ад непрыняцця, маргіналізацыі, дзе пазбаўлены сваёй годнасці”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

20 лістапада 2021 г. Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Супрацоўніц місіянерак-аблатак Беззаганай – прадстаўніц жаночага інстытута кансэкраванага жыцця, заснаванага ў 1951 г. у Фларэнцыі а. Гаэтана Ліюцам. Сустрэча была прымеркавана да 70-годдзя супольнасці і 20-годдзя яе кананічнага прызнання Апостальскай Сталіцай.

Францішак нагадаў сваім госцям пра пакліканне наследаваць у свеце харызмат св. Яўгена дэ Мазэно, заснавальніка кангрэгацыі Місіянераў-аблатаў Беззаганнай Марыі, застаючыся асобамі, “з сэрцам, пагружаным у Бога”. Пакліканне свецкіх кансэкраваных асобаў гэта не ўцяканне у “міжзем’е”, але поўнае занурэнне ў жыццё звычайных людзей, у працоўную штодзённасць, адносіны з суседзямі, натхняючыся “святлом веры, цяплом любові і гарызонтам надзеі”, - дадаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што кансэкраваныя асобы асаблівым чынам пакліканы “асвячаць свецкую дзейнасць, каб злучыць усё ў Хрысце”. “Жыць як іншыя людзі, жыць сярод іншых людзей, мець тыя самыя прафесіі, заняткі, цяжкасці; але ў такой злучанасці з Богам, якая асвячае задумы і дзеянні”, - падкрэсліў ён.

Папа нагадаў словы Пія ХІІ з Апостальскага ліста Primo Feliciter пра тое, што ўсё жыццё членаў свецкіх інстытутаў “павінна ператварацца ў апостальства”. “Свецкая дзейнасць, сама па сабе, не з’яўляецца прамым апостальствам, але можа стаць ім”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак зазначыў, што прароцтва кансэкраванага жыцця несумяшчальнае са страхам перад рызыкоўнымі месцамі і сітуацыямі. Наадварот, кансэкраваныя асобы павінны з пакорай і адвагай рабіць свой улад у гісторыю збаўлення менавіта там, “дзе людзі пакутуюць ад непрыняцця, маргіналізацыі, дзе пазбаўлены сваёй годнасці”.

Папа заўважыў, што месцам для рэалізацыі харызмату супольнасці павінны быць адносіны з людзьмі. “Без адносін усё развальваецца і рызыкуе ператварыцца ў анты-сведчанне”, - дадаў ён.

Папа нагадаў словы св. Яўгена дэ Мазэно: “У імя Бога будзьце святымі”. Гэта святасць, на яго думку, мае тры вымярэнні: па-першае, трэба быць гатовымі, напоўніцу жывучы сучаснасцю, пазбягаючы апладысментаў і пагоні за поспехам, служачы Богу і братам, і чэрпаючы сілы з малітвы, якая з’яўляецца “кіслародам жыцця”. Па-другое быць аблатамі, цалкам прысвяціўшы сябе Богу, і ідучы за Ім шляхам бескарыслівай любові – нязручным, няпростым, але які з’яўляецца шляхам міру і радасці. Па-трэцяе, быць даверлівымі да Бога як Марыя, “наследуючы Яе ў слуханні і прыняцці Божай волі, каб Яго Слова ўцелавілася таксама ў нас”.

Напрыканцы прамовы Святы Айцец пажадаў місіянеркам не турбавацца пра колькасць членаў іх інстытута, а памятаць пра сваё пакліканне быць закваскай – быць “малымі, незаўважнымі, але поўнымі веры”. “Чым больш цеста трэба заквасіць, тым больш высокай якасці павінна быць закваска!”, - дадаў Францішак.

20 лістапада 2021, 12:06