Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: няма большай беднасці, чым жыццё без Бога

Папа скіраваў пасланне з нагоды 30-годдзя Міжнароднага форума Каталіцкай акцыі, заклікаючы рух фармаваць хрысціян, якія будуць несці ў сучасны свет Евангелле і братэрства.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец нагадаў, што шмат людзей, евангелізаваных і сфармаваных Каталіцкай акцыяй, “здолелі прынесці праўду і глыбіню Евангелля ў сферы грамадства, часта закрытыя для веры”. “Святыя і благаслаўлёныя Каталіцкай акцыі – гэта багацце Касцёла. Яны сталі “святымі з-за суседніх дзвярэй” у многіх супольнасцях”, - дадаў Папа.

Аднак гісторыя гэтага руху не была лінейнай, і акрамя святла ў ёй былі таксама і цені: моманты глыбокай разгубленасці, стомленасці, абыякавасці і страху перад тым, што патрабаванні новых часоў аказваюцца вышэй за магчымасці.

У такой сітуацыі ўзнікае спакуса “замкнуцца ў клопаце пра тое, што ёсць, і чакаць, схаваўшыся і пялегуючы ўспаміны, прыйсця лепшых часоў”. Трэба, аднак, заўсёды памятаць “адкуль мы паходзім, дзе нашы карані, пазнаваць сэрца маці, якая аднойчы дала нас на свет”, а гэтай маці з’яўляецца Касцёл, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што “зараз мы перажываем першую глабальную пандэмію ў гісторыі чалавецтва”, у якой мы апынуліся “роўнымі перад абліччам патрэбы, але з рознымі магчымасцямі”. “Усё з’яўляецца глабальным, і нават вірус стаў глабальным!”, - сцвердзіў ён, падкрэсліваючы, што глабальнай з’яўляецца таксама і місія Каталіцкай акцыі.

Пантыфік нагадаў, што рух разам з Касцёлам павінен рушыць насустрач людзям, імкнуцца туды, “дзе здзяйсняецца жыццё і гісторыя нашых народаў”, дзе знаходзяцца іх “інтарэсы, клопаты, самыя глыбокія раны і самыя вялікія трывогі”. Ён падкрэсліў, “няма большай беднасці, чым жыццё без Бога, жыццё без веры, якая напаўняе сэнсам існаванне, без надзеі, якая дае сілы для працы, без адчування сябе любімымі тым, хто не расчаруе”.

Святы Айцец заклікаў адрасатаў паслання быць людзьмі адзінства, мець евангелізацыйны запал, працаваць на карысць братэрства і грамадскага сяброўства дзеля адбудовы параненага свету.
 

26 лістапада 2021, 15:28