Пошук

Падчас папскай аўдыенцыі для арганізатараў Giavera Festival Падчас папскай аўдыенцыі для арганізатараў Giavera Festival  

Пантыфік: мігрантаў выкарыстоўваюць у геапалітычных канфліктах

Giavera Festival стаў скрыжаваннем, месцам сустрэч, дыялогу, узаемаразумення, дзе можна падзяліцца марай аб больш братэрскім свеце, - адзначыў Папа, сустракаючыся з арганізатарамі міжкультурнага форума.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак быў уражаны колькасцю асацыяцый і груп мігрантаў, якія ўдзельнічаюць у ініцыятыве. “Цудоўна і вельмі значна, што ваш Фестываль нараджаўся і заўсёды адраджаўся з вопыту суіснавання. Ён узнік не за сталом, на аснове ідэалагічнага праекта, а з дзён, месяцаў, гадоў дзялення з мігрантамі. З іх гісторыямі, праблемамі, і перш за ўсё з іх багажом чалавечнасці, традыцый, культуры, веры”, - адзначыў ён 27 лістапада 2021 г. у Ватыкане.

Ініцыятыва, якая рэалізуецца ў італьянскім у рэгіёне Трэвіза, паводле Святога Айца, важная і таму, што прымушае тэму міграцыі “цыркуляваць у сацыяльнай тканіне”, дапамагае ў распаўсюджванні культуры сустрэчы.

“Аб'ектыўна з'ява міграцыі вельмі складаная, і, на жаль, існуюць злачынныя групоўкі, якія гэтым карыстаюцца; мігрантаў выкарыстоўваюць нават у межах геапалітычных канфліктаў. Яны перастаюць быць асобамі і становяцца лічбамі. Таму як ніколі патрэбны месцы, дзе ў цэнтры будуць твары, гісторыі, песні, малітвы, мастацтва мігрантаў”, - звярнуў увагу Францішак.

Гэта можа дапамагчы палітыкам на мясцовым, нацыянальным і міжнародным узроўнях рабіць выбар, які спалучае здаровы рэалізм з павагай да годнасці чалавека. Менавіта таму, лічыць Папа, такія ініцыятывы ў Італіі і розных краінах не павінны зводзіцца да “фальклорнай падзеі ці злёту ідэалістаў”.

Францішак пажадаў арганізатарам “ісці наперад з заўсёды абноўленым духам”, беручы прыклад з Абрагама, “якога Бог паклікаў да падарожжа і які заставаўся мігрантам на працягу ўсяго свайго жыцця”. Абрагам – гэта асоба, у якой могуць пазнаць сябе людзі, якія падарожнічаюць у пошуках зямлі абяцанай, зямлі свабоды і міру, каб там жыць разам як браты, - заўважыў Папа.

Giavera Festival – гэта ініцыятыва, якая нарадзілася ў 1996 г. у Джавера-дэль-Мантэла, у італьянскай правінцыі Трэвіза, і мела на мэце спрыянне дыялогу і сустрэчы розных народаў і культур. Сёлета ён праходзіў у ліпені ўжо 26-ы раз. У рамках форума адбываюцца дэбаты, шоу і этнічныя перформансы з удзелам чатырох дзясяткаў асацыяцый, якія працуюць з мігрантамі.
 

27 лістапада 2021, 12:44