Кардынал П'етра Паралін на саміце COP26 Кардынал П'етра Паралін на саміце COP26 

Францішак да ўдзельнікаў саміту COP26 пра кліматычны крызіс

Занадта шмат людзей пакутуе ад кліматычнага крызісу, - адзначыў Папа ў сваім пасланні ўдзельнікам кліматычнага саміту COP26 у Глазга. Яго зачытаў кіраўнік дэлегацыі Святога Пасаду кард. П'етра Паралін.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Святы Айцец з горыччу заявіў, што “мы далёкія ад дасягнення жаданых мэт у барацьбе са зменай клімату”. “Не можна гэтага дапусціць!”, - адзначыў ён, дадаючы, што "больш няма часу чакаць", таму патрэбны смелыя рашэнні з боку сусветных лідараў.

Указваючы на пакуты людзей, выкліканыя кліматычным крызісам, асабліва ў самых бедных рэгіёнах, Францішак адзначыў, што гэта таксама “крызіс правоў дзіцяці” і што неўзабаве “кліматычных мігрантаў стане больш, чым бежанцаў з прычыны ўзброеных канфліктаў”.

Папа заклікаў сусветных лідараў тэрмінова распачаць мужныя і адказныя дзеянні, каб “падрыхтаваць будучыню, у якой чалавецтва зможа клапаціцца пра сябе і прыроду”. Тым больш, што ў маладых людзей “не будзе іншай планеты, акрамя той, якую мы ім пакінем”, таму ўсё залежыць ад нашага сённяшняга выбару. “Гэта момант рашэння, якое дасць ім падставы з даверам паставіцца да будучыні”, - адзначыў ён.

Святы Айцец параўнаў раны, нанесеныя чалавецтву пандэміяй COVID-19 і зменай клімату, з пакутамі ад глабальнага канфлікту. Так як адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, “сёння неабходна, каб уся міжнародная супольнасць аддала прыярытэт сумесным, салідарным і дальнабачным дзеянням”. Гэта патрабуе сапраўднага навяртання, як індывідуальнага, так і супольнага.

Францішак заклікаў да асаблівага клопату пра самую бедную частку насельніцтва свету, перад якой існуе “экалагічны доўг”, звязаны “як з гандлёвым дысбалансам, што мае экалагічныя наступствы, так і з непрапарцыйным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, як уласных, так і іншых краін”.
 

03 лістапада 2021, 09:29