Пошук

Пантыфік: толькі любоў можа прыцягнуць і змяніць сэрца чалавека

Мы нясем вялікую адказнасць за абвяшчэнне ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста, натхнёнае подыхам Духа любові, бо толькі Любоў мае сілу прыцягнуць і змяніць сэрца чалавека, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 27 кастрычніка 2021 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Францішак працягнуў катэхетычны цыкл аб Пасланні да Галатаў. Ён заўважыў, што ўсё прапаведванне св. Паўла было засяроджана на Езусе і Яго пасхальнай таямніцы, а галатам, якія “спакушаліся закласці ў аснову сваёй рэлігійнасці захаванне запаведзяў і традыцый, ён нагадваў пра галоўную падзею збаўлення і веры: смерць і ўваскрасенне Пана”.

На думку Францішка, нават і сёння многія людзі шукаюць у першую чаргу “рэлігійнай бяспекі”, а не “жывога і сапраўднага Бога, засяроджваючыся на рытуалах і прадпісаннях, а не на тым, каб усёй сваёй сутнасцю прыняць Бога любові”. Гэта спакуса “новых фундаменталістаў”, якіх “палохае шлях наперад” і таму яны “вяртаюцца назад, бо так адчуваюць сябе ў бяспецы”. Павел жа прасіў “вярнуцца да істотнага, да Бога, які дае нам жыццё ва ўкрыжаваным Хрысце”.

“Калі губляем нітку духоўнага жыцця, калі нас пераследуюць тысячы праблем і думак, прымем параду Паўла: станем перад Укрыжаваным Хрыстом, пачнем зноў з Яго, возьмем у рукі распяцце, прыціснем яго да сэрца або паўдзельнічаем у адарацыі перад Эўхарыстыяй, у якой Езус з’яўляецца Хлебам, паламаным за нас, Укрыжаваным Уваскрослым, сілай Бога, які ўлівае сваю любоў у нашы сэрцы”, - заклікаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што калі мы сустракаем Укрыжаванага Езуса ў малітве, атрымлівае дар Святога Духа, які з’яўляецца пачаткам духоўнага жыцця. “Гэта Ён змяняе сэрца: не нашы ўчынкі, а дзеянне Святога Духа ў нас! Гэта Ён кіруе Касцёлам, а мы пакліканы быць паслухмянымі Яго дзейнасці, якая дзьме куды і як хоча”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што менавіта Святы Дух пераканаў нават самых упартых з апосталаў у тым, што Евангелле Езуса адрасавана ўсім, а не вузкаму колу прывілеяваных. “Такім чынам жыццё супольнасці адраджаецца ў Святым Духу і заўсёды дзякуючы Яму мы ўмацоўваем наша хрысціянскае жыццё і працягваем нашу духоўную барацьбу”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што ў Пасланні да Галатаў апостал паказаў два супрацьлеглыя бакі духоўнай барацьбы чалавека: “учынкі цела” і “плады Духа”. “Учынкі цела”, гэта паводзіны, адваротныя Божаму Духу. Апостал назваў іх так “не таму што ў чалавечым целе ёсць нешта няправільнае ці дрэннае”, але таму што яны тычацца “выключна зямнога вымярэння чалавека, замкнёнага ў самім сабе, у гарызантальным жыцці, які кіруецца нізкімі інстынктамі і закрывае дзверы для Духа, што ўздымае і адкрывае на Бога і іншых людзей”. Да гэтых учынкаў адносіцца “эгаістычнае выкарыстанне сексуальнасці, магічныя практыкі, якія з’яўляюцца ідалапаклонствам, і пагражаюць міжасабовым адносінам: “варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, звады” (пар. Гал 5, 19-21), - нагадаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што пладамі Духа, наадварот, з’яўляюцца “любоў, радасць, супакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць” (Гал 5,22). “Хрысціяне, які праз хрост “апрануліся ў Хрыста”, пакліканы жыць такім чынам. Цудоўнае духоўнае практыкаванне можа заключацца ў тым, каб перачытаць спіс св. Паўла і паглядзець на свае ўласныя паводзіны, каб убачыць, ці суадносяцца яны, ці сапраўдны мы жывем паводле Святога Духа, ці прыносіць наша жыццё такія плады. Напрыклад, першыя тры – любоў, радасць і супакой. Па іх пазнаецца ці жыве ў чалавеку Святы Дух”, - сказаў Пантыфік.

На думку Францішка, “гэта павучэнне апостала ставіць цудоўны выклік перад нашымі супольнасцямі”. “Часам у тых, хто набліжаецца да Касцёла, складаецца ўражанне, што яны сутыкаюцца з шчыльнай масай загадаў і прадпісанняў... Так можа быць у якой-небудзь асацыяцыі, а не ў Касцёле! На самай жа справе нельга зразумець прыгажосці веры ў Езуса Хрыста, на аснове вялікай колькасці запаведзяў і маральнай візіі, якія, развіваючыся ў мноства плыняў, могуць прымусіць нас забыцца пра першапачатковую плённасць любові, што сілкуецца малітвай, адорвае нас супакоем і радасным сведчаннем. У той жа час, жыццё Духа, якое выражаецца ў сакрамэнтах, не можа быць задушана бюракратыяй, што перашкаджае доступу да ласкі Духа, творцы навяртання сэрца... Таму мы нясем вялікую адказнасць за абвяшчэнне ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста, натхнёнае подыхам Духа любові, бо толькі Любоў мае сілу прыцягнуць і змяніць сэрца чалавека”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.
 

27 кастрычніка 2021, 10:18

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >