Пошук

Святы Айцец: прызнаць сябе малымі, каб стаць вялікімі

Быць дзецьмі, якія заўсёды давяраюць Айцу, - заклікаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 3 кастрычніка 2021 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Каментуючы літургічны ўрывак Евангелля на ХХVII Звычайную нядзелю Пантыфік заўважыў, што ў ім можна ўбачыць рэакцыю Езуса, якая сустракаецца не вельмі часта: абурэнне. “Яшчэ больш здзіўляе тое, што Яго абурэнне выклікалі не фарысеі”, якія выпрабоўвалі Яго сваімі пытаннямі, але вучні, “які, каб абараніць Яго ад націску людзей, папракалі некаторых дзяцей, прыведзеных да Езуса”. “Іншымі словамі, Пан не абураецца на тых, хто дыскутуе з Ім, але на тых, хто, спрабуючы абараніць Яго ад цяжкасцей, аддаляе ад Яго дзяцей”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што Хрыстус сам атаясамліваў сябе з дзецьмі і заклікаў служыць у першую чаргу “менавіта малым, гэта значыць людзям, якія залежаць ад іншых, якія знаходзяцца ў патрэбе, якія не могуць нічым адплаціць”. У людзях, якія патрабуюць клопату і суцяшэння, можна сустрэць Бога, у малых прысутнічае Ён. “Вось чаму Езус абураецца: кожная крыўда, зробленая малому, дзіцятку, беднаму, безабароннаму – зроблена Яму”, - дадаў Папа.

Францішак заўважыў, што гэта вучэнне Езус дапоўніў словамі: “Хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго” (Мк 10,15). “Вось у чым навіна: вучань павінен не толькі служыць малым, але прызнаць малым самаго сябе. Адчуваць сябе малымі, людзьмі, якія патрабуюць збаўлення, неабходна для прыняцця Пана. Гэта першы крок да таго, каб адкрыцца на Яго. Часта, аднак, мы забываем пра гэта. У моманты росквіту, дабрабыту, мы маем ілюзію таго, што з’яўляемся самадастатковымі, што нам даволі саміх сябе, што не патрабуем Бога. Браты і сёстры – гэта падман, бо кожны з нас з’яўляецца істотай, якая знаходзіцца ў патрэбе, з’яўляецца малым”, - сцвердзіў Святы Айцец.

“У жыцці, прызнанне сябе малым – гэта зыходны пункт для таго, каб стаць вялікімі. Калі добра падумаем, мы ўзрастаем не столькі дзякуючы поспехам і рэчам, якімі валодаем, але ў першую чаргу, дзякуючы момантам барацьбы і кволасці. Тут, у хвіліны патрэбы, мы сталеем; адкрываем сэрца на Бога, на іншых, на сэнс жыцця (...). Не будзем падаць духам калі адчуваем сябе малымі перад абліччам праблемы, крыжа, хваробы, калі адчуваем стомленасць і самотнасць. У такія моманты з нас падае маска павярхоўвасці і выяўляецца наша радыкальная ўразлівасць: гэта наша супольная аснова, наш скарб, бо з Богам слабасці не з’яўляюцца перашкодамі, але магчымасцямі”, - заўважыў Папа.

На думку Святога Айца, менавіта ў моманты слабасці можна ўбачыць “наколькі Бог клапоціцца пра нас”. “Евангелле на сённяшні дзень кажа, што Езус вельмі пяшчотны з малымі: “і абняўшы іх, благаславіў, ускладаючы на іх рукі” (Мк 10,16). Перашкоды, сітуацыі, якія паказваюць нашу ўразлівасць, з’яўляюцца прывілеяванымі магчымасцямі для таго, каб спазнаць Яго любоў. Пра гэта добра ведае той, хто моліцца з пастаянствам: у моманты цемры ці самотнасці, ласкавасць Бога да нас становіцца – калі так можна сказаць – яшчэ мацнейшай, мы адчуваем яе больш. Яна адорвае нас спакоем, дапамагае расці. У малітве Пан прыціскае нас да сябе, як бацька сваё дзіця. Так мы становімся вялікімі: не ў ілюзорнай прэтэнзіі на ўласную самадастатковасць, але ва ўпэўненасці ў тым, што можам пакладаць усю надзею на Айца, менавіта як робяць малыя”, - сказаў Пантыфік.

“Папросім сёння Панну Марыю аб вялікай ласцы, ласцы быцця малымі: быцця дзецьмі, якія давяраюць Айцу з упэўненасцю ў тым, што Ён ніколі не перастае клапаціцца пра нас”, - завяршыў сваё нядзельнае разважанне Святы Айцец.
 

03 кастрычніка 2021, 12:45

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >