Пошук

Францішак падчас малітоўнай сустрэчы прадстаўнікоў рэлігій свету Францішак падчас малітоўнай сустрэчы прадстаўнікоў рэлігій свету 

Папа падчас малітвы за мір: вайна – правал палітыкі і гуманізму

Мы марым аб сястрынскіх рэлігіях і братніх народах! Сястрынскіх рэлігіях, якія дапамагаюць народам быць мірнымі братамі, сумеснымі захавальнікамі агульнага дома стварэння, - сказаў Францішак.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа прыняў удзел у малітоўнай сустрэчы прадстаўнікоў рэлігій свету, арганізаванай у Рыме Супольнасцю св. Эгідзія. Яна стала працягам гістарычнай міжрэлігійнай малітвы за мір, якая адбылася ў Асізі 27 кастрычніка 1986 г. па ініцыятыве св. Яна Паўла ІІ.

Свет не можа заставацца абыякавым перад гвалтам і войнамі, - звярнуў увагу Пантыфік. “Сёння ў глабалізаваным грамадстве, якое паказвае пакуты, але не спачувае, мы павінны "будаваць спачуванне". Каб перажываць за іншага чалавека, суперажываць яго пакутам, пазнаць іх твар. Гэта сапраўдная мужнасць, мужнасць спачування, вядзе за межы спакойнага жыцця, за "гэта не мая справа" і "гэта не маё”, не дазваляючы звесці жыццё народаў да ўладнай гульні”, - сцвердзіў ён.

Папа звярнуў увагу на тое, што "вайна – гэта правал палітыкі і гуманізму, ганебная капітуляцыя, правал перад злымі сіламі". “Як прадстаўнікі рэлігій, мы пакліканы не паддавацца на ліслівасць сусветнай улады, але заставацца голасам людзей, пазбаўленых голасу, апорай для тых, хто пакутуе, абаронцамі прыгнечаных, ахвяр нянавісці, адхіленых людзьмі на зямлі, але каштоўных для таго, хто жыве на Небе”, - заклікаў ён.

Абавязак вернікаў – "дапамагчы выкараніць нянавісць з сэрцаў і асудзіць усе формы насілля", - перакананы Святы Айцец. Ён заклікаў “скласці зброю, скараціць ваенныя выдаткі на карысць задавальнення гуманітарных патрэб, ператварыць прылады смерці ў прылады жыцця”. “Менш зброі і больш прадуктаў харчавання, менш крывадушнасці і больш празрыстасці, больш справядліва размеркаваных вакцын і менш неабдумана прададзенай зброі”, - звярнуўся Пантыфік.

Паводле Францішка, рэлігіі павінны стаць “голасам многіх вернікаў, простых і безабаронных людзей, якія стаміліся ад насілля, каб тыя, хто нясе адказнасць за агульнае дабро, не толькі абавязваліся асуджаць войны і тэрарызм, але і стварылі ўмовы, якія прадухіляюць іх успышку”. "Каб народы заставаліся братамі, да нябёсаў павінна пастаянна ўздымацца малітва, і адно слова не павінна перастаць гучаць на зямлі – мір", - звярнуў увагу Папа. Мір – гэта ў першую чаргу не пагадненне ці каштоўнасць, але стаўленне сэрца. Ён нараджаецца з справядлівасці, развіваецца ў братэрстве, жыве праз бескарыслівасць, - патлумачыў ён.

Пантыфік заўважыў, што мара аб міры спалучаецца з марай аб будучыні Зямлі. Спасылаючыся на Патрыярха Барталамея І, ён дадаў, што "злачынства супраць прыроды – гэта злачынства супраць нас саміх і грэх супраць Бога".

“Хачу падкрэсліць тое, што паказала нам пандэмія – мы не можам быць пастаянна здаровымі ў хворым свеце. У апошні час многія захварэлі забыццём, забыўшыся пра Бога і сваіх братоў. Гэта прывяло да нястрымнай пагоні за індывідуальнай самадастатковасцю, дэфармаванай ненасытнай прагнасцю, у выніку чаго зямля, па якой мы ходзім, была паранена. З іншага боку, паветра, якім мы дыхаем, поўнае таксічных рэчываў, але беднае салідарнасцю. Такім чынам, мы вылілі бруд з нашых сэрцаў на стварэнне”, - звярнуў увагу Францішак. Ён адзначыў, што "малітва і дзеянне могуць змяніць ход гісторыі".

“Больш смеласці! Перад намі візія, ідэнтычная візіі многіх маладых людзей і людзей добрай волі: зямля як агульны дом, населены братамі. Так, мы марым аб сястрынскіх рэлігіях і братніх народах! Сястрынскіх рэлігіях, якія дапамагаюць народам быць мірнымі братамі, сумеснымі захавальнікамі агульнага дома стварэння!”, - завяршыў Францішак.
 

08 кастрычніка 2021, 10:59