Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак прыняў на аўдыенцыі Прэм’ер-міністра Індыі

30 кастрычніка 2021 г. Папа прыняў на аўдыенцыі Прэм’ер-міністра Індыі Нарэндра Модзі. Затым палітык сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас кароткай размовы бакі абмеркавалі добразычлівыя бягучыя адносіны, якія існуюць паміж Святым Пасадам і Індыяй, - лаканічна паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Індыйскі прэм’ер прыбыў у Рым з нагоды саміту Вялікай дваццаткі, які праходзіць у Вечным горадзе 30-31 кастрычніка. У якасці падарунку ён уручыў Святому Айцу срэбраны падсвечнік і кнігу пра ахову навакольнага асяроддзя. Папа ўручыў яму бронзавы медальён з алегорыяй “Пустыня стане садам”, натхнёнай цытатай з Кнігі прарока Ісаі, і спецыяльнае выданне некалькіх сваіх дакументаў, у тым ліку Дэкларацыі аб усеагульным братэрстве.

На афіцыйным акаўнце Нарэнды Модзі з’явілася паведамленне пра тое, што ён запрасіў Францішка наведаць Індыю. У гэтай краіне дагэтуль былі два Пантыфікі: Павел VI і Ян Павел ІІ. Першы наведаў яе ў 1964 г., а другі – у 1986 і 1999 гг.

30 кастрычніка 2021, 13:34