Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак заклікаў да клопату пра “экалогію сэрца”

Папа прывітаў удзельнікаў 49-га Сацыяльнага тыдня італьянскіх католікаў, які праходзіць з 21 па 24 кастрычніка 2021 г. у Таранта на тэму: “Планета, пра якую марым. Асяроддзе, праца, будучыня – усё ўзаемазвязана”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У сваім пасланні Францішак нагадаў пра наступствы пандэміі, для пераадолення якіх неабходны, між іншым, уклад католікаў. “Мы не можам апусціць рукі і проста стаяць ля вакна і глядзець, не можам заставацца абыякавымі ці апатычнымі, пазбягаючы адказнасці за іншых і грамадства. Мы пакліканы быць закваскай, якая ферментуе ўсё цеста”, - сцвердзіў ён.

На думку Папы, пандэмія развеяла сучасную ілюзію адносна таго, што можна быць усемагутнымі, знішчаючы тэрыторыі і навакольнае асяроддзе, у якім пражываем. “Каб зноў падняцца мы павінны звярнуцца да Бога і навучыцца добра выкарыстоўваць Яго дары, у першую чаргу стварэнне”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы не толькі да “экалагічнага навяртання”, але таксама да “навяртання супольнаснага”.

“Каб гэта стала магчыма, трэба таксама быць уважлівымі да пакут бедных, апошніх, адчайных, слухаць сем’і, стомленыя жыццём у забруджаных, абязплоджаных, выпаленых, спустошаных карупцыяй і дэградацыях месцах”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец прапанаваў італьянскім католікам тры “дарожныя знакі”, якія дапамогуць на шляху да надзеі, якой патрабуюць ўсе. Першы – Папярэджанне аб скрыжаваннях. Ён вымагае слухання людзей, якіх сустракаем у жыцці: бедных, беспрацоўных, мігрантаў, хворых, пажылых, ахвяр эксплуатацыі, мафіі, карупцыі і азартных гульняў. “Гэта нашы ўкрыжаваныя браты і сёстры, якія чакаюць уваскрашэння”, - сказаў Папа.

Другі знак – Стаянка забароненая. Францішак патлумачыў, што ён не дазваляе дыяцэзіям, парафіям і супольнасцям апускаць рукі перад абліччам складаных сітуацый, адсіджвацца ў закрыстыях ці фармаваць “элітарныя групы, якія самаізалююцца і закрываюцца ў сабе”. Хрысціянскія супольнасці пакліканы “выходзіць, абвяшчаць, дзяліцца, падтрымліваць і змагацца за будаванне Божага Валадарства”, - сказаў ён, заклікаючы не баяцца выкрываць злачынныя дзеянні і сеяць дабро.

Трэці “дарожны знак” – Абавязковы разварот. Ён абавязвае да змены кірунку, навяртання, клопату аб “экалогіі сэрца”. “Разварот магчымы толькі калі мы здолеем выхоўваць сумленне так, каб не шукаць лёгкіх рашэнняў для абароны тых, хто ўжо забяспечаны, але прапаноўваюць доўгатрывалыя працэсы, якія пойдуць на карысць будучым пакаленням”, - сцвердзіў Пантыфік. 

Францішак адзначыў важнасць навяртання, скіраванага да сацыяльнай экалогіі, асабліва ў кантэцсце эпохі, якая была акрэслена як перыяд “экалагічнага пераходу”. “У гэтым сэнсе давайце паглядзім на шматлікія знакі надзеі, на шматлікіх людзей, якім хачу падзякаваць, бо яны, часта працуючы незаўважна, спрыяюць прасоўванню новай эканамічнай мадэлі, больш справядлівай і ўважлівай да людзей”, - дадаў ён.

“Вось планета, пра якую мы марым: на ёй культура дыялога і міра нараджае новы дзень, дзе праца надзяляе годнасцю чалавека і ахоўвае стварэнне, а светы, далёкія з культурнага пункту гледжання, узаемадзейнічаюць, натхнёныя супольным клопатам пра агульнае дабро”, - заключыў Святы Айцец.
 

21 кастрычніка 2021, 15:30