Пошук

Папа: сіла ласкі павінна быць злучана з учынкамі міласэрнасці

Вера патрабуе быцця актыўнымі ў любові да Бога і бліжняга, - заўважыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 29 верасня 2021 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“На нашым шляху да лепшага разумення вучэння св. Паўла сёння мы сустракаемся са складанай, але важна тэмай – апраўдання”, - пачаў сваю катэхезу Святы Айцец. Ён заўважыў, што “ў Пасланні да Галатаў, як і ў Пасланні да Рымлянаў, Павел настойвае на тым факце, што апраўданне паходзіць з веры ў Хрыста”.

“Што хаваецца за словам “апраўданне”, якое з’яўляецца настолькі важным для веры? Прыйсці да вычарпальнага вызначэння нялёгка, але ў цэласнасці вучэння св. Паўла можна сказаць, што апраўданне з’яўляецца наступствам “міласэрнасці Бога, які прабачае”, - сказаў Францішак, спасылаючыся да Катэхізіс Каталіцкага Касцёла.

Папа нагадаў, што праз смерць Езуса “Бог знішчыў грэх і канчаткова падарыў нам прабачэнне і збаўленне”. “Апраўданыя такім чынам, грэшнікі становяцца прынятымі Богам і паяднанымі з Ім. Гэта нібыта вяртанне да першапачатковых адносін паміж Стварыцелем і стварэннем, да таго як умяшалася грахоўная непаслухмянасць. Апраўданне, здзейсненае Богам, дазваляе нам аднавіць нявіннасць, страчаную праз грэх”, - сказаў Пантыфік, заўважаючы, што, згодна з вучэннем св. Паўла, “апраўданне прыходзіць праз ласку”.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Францішак падкрэсліў, што апостал Павел ніколі не забываў пра досвед, які цалкам змяніў яго жыццё: пра сустрэчу з уваскрослым Езусам на дарозе ў Дамаск. “Павел быў ганарлівым, рэлігійным і руплівым чалавекам, перакананым у тым, што справядлівасць заключаецца ў скрупулёзным выкананні прадпісанняў. Цяпер жа ён быў заваяваны Хрыстом, а вера ў Езуса глыбока перамяніла яго, дазволіўшы адкрыць дагэтуль схаваную праўду: мы становімся праведнымі не дзякуючы нашым намаганням, але дзякуючы ласцы Хрыста”, - зазначыў Папа.

“Вера мае для апостала ўсёабдымнае значэнне. Яна тычыцца кожнага моманту і кожнага аспекту жыцця верніка: ад хросту да адыходу з гэтага свету ўсё прасякнута верай у смерць і ўваскрасенне Езуса, які дорыць збаўленне. Апраўданне праз веру падкрэслівае прыярытэт ласкі, якую Бог, не робячы адрозненняў, дорыць тым, хто верыць у Яго Сына”, - дадаў Пантыфік.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Па словах Святога Айца, гэта не азначае, што Закон Майсея больш не меў каштоўнасці для Паўла. Наадварот, Закон працягваў “заставацца незваротным Божым дарам”, а сам апостал называў яго “святым” (Рым 7,12). “Таксама для нашага духоўнага жыцця вельмі важна захоўваць запаведзі, але і ў гэтым мы не можам разлічваць толькі на нашы сілы: фундаментальнай ёсць Божая ласка, якую атрымліваем ад Хрыста. Ад Яго мы атрымліваем тую бескарыслівую любоў, якая, у сваю чаргу, дазваляе нам любіць канкрэтным чынам”, - сцвердзіў Францішак.

У гэтым кантэксце Папа нагадаў словы апостала Якуба: “Бачыце, што чалавек апраўдваецца праз учынкі, а не толькі праз веру. Бо, як цела без духу мёртвае, так і вера мёртвая без учынкаў” (Як 2,24.26). Словы Якуба дапаўняюць вучэнне Паўла, бо для абодвух вера патрабавала “быцця актыўнымі ў любові да Бога і любові да бліжняга”.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

“Апраўданне ўводзіць нас у доўгую гісторыю збаўлення, якая паказвае Божую справядлівасць: перад абліччам нашых няспынных падзенняў і недахопаў Ён не апусціў рукі, але пажадаў апраўдаць нас, і зрабіў гэта дзякуючы ласцы, праз дар Езуса Хрыста, праз Яго смерць і ўваскрасенне”, - заўважыў Пантыфік, нагадваючы, што стылем Бога з’яўляецца блізкасць, спагада і ласкасць.

“Святло веры дазваляе нам пазнаць наколькі бясконцай з’яўляецца Божая міласэрнасць, ласка, што дзейнічае дзеля нашага дабра. Але тое ж самае святло дапамагае нам бачыць і адказнасць, даручаную нам, каб супрацоўнічалі з Богам у Яго справе збаўлення. Сіла ласкі патрабуе злучэння з нашымі ўчынкамі міласэрнасці, якімі мы пакліканы жыць, каб сведчыць пра тое, наколькі вялікай ёсць Божая любоў”, - падкрэсліў Святы Айцец на завяршэнне сваёй катэхезы.
 

29 верасня 2021, 10:12

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >