Vatican News
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі 

Папа прызначыў новага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага

Папа Францішак прызначыў Юзафа Станеўскага арцыбіскупам-мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Рашэнне агучыла 14 верасня 2021 г. Зала Друку Святога Пасаду.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У ватыканскім паведамленні змешчана кароткая біяграфія іерарха. Ён нарадзіўся 4 красавіка 1969 г. на тэрыторыі цяперашняй Гродзенскай дыяцэзіі. 17 чэрвеня 1995 г. атрымаў святарскае пасвячэнне ў той жа дыяцэзіі і быў скіраваны ў парафію св. Вацлава ў Ваўкавыску. У 1999 г. атрымаў ліцэнзіят па Кананічным праве ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.

Сярод наступных пасад: выкладчык, прэфект, а пасля і рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродна, суддзя і дапаможны вікарый Міждыяцэзіяльнага суда першай інстанцыі. У 2007-2013 гадах адказваў за душпастырскую фармацыю маладых святароў у роднай дыяцэзіі.

29 лістапада 2013 г. Францішак прызначыў Юзафа Станеўскага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. 14 красавіка 2021 г. ён быў другі раз абраны Генеральным сакратаром Канферэнцыі Біскупаў.

Пасада Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага была вакантнай пасля сыходу на пенсію арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. 3 студзеня 2021 г., у дзень, калі іерарху споўнілася 75 гадоў, Францішак прыняў яго адстаўку і прызначыў Апостальскага адміністратара – біскупа Казіміра Вялікасельца.
 

14 верасня 2021, 12:00