Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да сем’яў-пілігрымаў: большае шчасце – даваць, чым браць

Францішак прывітаў удзельнікаў 14-й Італьянскай нацыянальнай пілігрымкі сем’яў на карысць сем’яў. Ён падзякаваў вернікам за іх намаганні быць жывым знакам евангельскай радасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Сям'я жывая, калі яна збіраецца разам у малітве. Сям'я моцная, калі адкрывае слова Божае (...). Сям’я застаецца шчодрай і стваральнай у гісторыі, калі адзначаецца адкрытасцю да жыцця, калі не дыскрымінуе і служыць самым уразлівым і патрабуючым, калі не перастае даваць свету хлеб міласэрнай любові і віно братэрства”, - адзначыў Францішак у сваім пасланні.

Пілігрымка, ініцыяваная рухам Аднаўленне ў Духу Святым, Душпастырствам сем’яў італьянскага епіскапату і Нацыянальным форумам асацыяцый сем’яў, пачалася 11 верасня 2021 г. Многія сёлета ўдзельнічаюць у ёй анлайн.

"У гэтыя дні тысячы сем'яў, якія моляцца, паказваюць светлы твар веры ў Езуса Хрыста ў час вялікіх цяжкасцей, пакут і новых форм беднасці", - адзначыў Святы Айцец. Ён падзякаваў пілігрымам за іх намаганні стаць жывым знакам радаснай любові, якая зыходзіць з Евангелля, шукаць не спажывецкай і індывідуалістычнай радасці, якая "абцяжарвае сэрца", а той, якую "мы адчуваем у зносінах", памятаючы, што "большае шчасце – даваць, чым браць".
 

11 верасня 2021, 12:36